Чаму сілавікі будуць абараняць “хурал”



11-12 лютага ў Менску пройдзе маштабнае праўладнае мерапрыемства – Усебеларускі народны сход. Улада ўскладае на гэтую падзею вялікія спадзяванні. Пра гэта сведчаць як шматлікія прапагандысцкія сюжэты ў дзяржаўных СМІ, так і рыторыка кіраўнікоў розных узроўняў. Першапачаткова анансавалася, што ў сходзе прымуць удзел каля 2700 дэлегатаў і гасцей з усіх рэгіёнаў краіны. Але, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на дадзены момант назбіралася трошкі больш за 2300 чалавек. Калі дадзеныя звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, значыць, улада сутыкнулася з праявай крызісу легітымнасці нават у шэрагах сваіх прыхільнікаў.

Цалкам магчыма, некаторыя патэнцыйныя ўдзельнікі маглі адмовіцца ад удзелу ў форуме, кіруючыся меркаваннямі сваёй будучыні. Па-першае, удзельнікі сходу, безумоўна, бачаць зваротную сувязь ад многіх беларусаў, якія з вялікім скепсісам ставяцца да “хурала”. Па-другое, на слабую актыўнасць вертыкальнікаў маглі паўплываць папярэджанні з боку сябраў Каардынацыйнай Рады, якія заўважылі, што спробы легітымізацыі новага прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі будуць у перспектыве расцэньвацца як садзейнічанне дзяржаўнаму перавароту і захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Па-трэцяе, пандэмія каронавірусу нікуды не падзелася. У гэтым звязку правядзенне шматлюднага сходу – гэта мерапрыемства, у якім не зацікаўленыя нават функцыянеры рэжыму.

Усебеларускі народны сход з моманту свайго ўзнікнення ў далёкім 1996 годзе задумваўся як супрацьвага апошняму дэмакратычна абранаму Вярхоўнаму Савету ХІІІ склікання. Новаствораны орган не прадугледжваў ніякага грамадскага дыялогу, не кажучы пра праявы крытыкі курса дзяржавы і яе кіраўнікоў. Дадзеная структура не мае ніякага дачынення да дэмакратычнага працэсу, яе асноўныя функцыі – прапаганда і імітацыя ўсенароднай падтрымкі, пра што прама гаворыць назва мерапрыемства. Адпаведна, любыя спробы памяняць фармат, якія прадпрымалі апазіцыйныя палітыкі ранейшых гадоў, выклікалі жорсткую рэакцыю з боку ўлады. Дастаткова ўзагаць спробу экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Казуліна, які хацеў трапіць на сход у якасці дэлегата. Нягледзячы на тое, што ён выканаў усе фармальныя працэдуры па вылучэнні (сабраў подпісы), яго збілі ў фае Палаца чыгуначнікаў у Менску. Сыходзячы з таго негатыўнага досведу, лёгка прагназаваць, што ўлады рыхтуюцца брутальна дзейнічаць у дачыненні да грамадзянаў, якія маюць намер сарваць той сход. Пра гэта, уласна кажучы, і папярэджвае суаўтар апошніх гучных расследаванняў, былы афіцэр “Алмазу” Ігар Макар, які зараз знаходзіцца ў эміграцыі. Экс-сілавік гаворыць пра тое, што, згодна ягонай інфармацыі, улады рыхтуюцца да самага жорсткага сцэнару, калі сутыкнуцца з пратэстамі падчас УНС. Адпаведна, як гаворыць былы спецназавец, лепей пазбегнуць лабавога сутыкнення і зберагчы здароўе людзей. У тым, што сілавікі рыхтуюцца да жорсткага супрацьдзеяння дэманстрантам, сумнявацца не выпадае.

Але, як паказвае досвед пратэстаў апошніх месяцаў, выкарыстанне гвалту з боку сілавікоў адваротна прапарцыйнае колькасці мітынгоўцаў. Калі дапусціць, што на вуліцы Менску ў дні правядзення сходу выйдзе больш за 100 тыс. чалавек, то сілавікі на брутальныя разгоны не пойдуць. Калі ж у цэнтры Менску збярэцца у разы менш людзей, то варта чакаць гвалтоўных акцый, як тое назіралася ў кастрычніку-лістападзе мінулага года.   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ