Ігар Ільяш: Кацярына ў добрым псіхалагічным стане



Сфабрыкаванай палітычнай справай назваў працэс над журналісткамі тэлеканала „Белсат” Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай муж Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш.

Працэс над Андрэевай і Чульцовай пачаўся 9 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Іх абвінавачваюць па частцы 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, які груба парушаюць грамадскі парадак). Менавіта так следства інтэрпрэтавала стрым, які журналісткі вялі 15 лістапада 2020 году з плошчы Пераменаў, дзе быў забіты мастак Раман Бандарэнка.

Па словах Ігара Ільяша, самае галоўнае, што некалькі месяцаў няволі ў СІЗА не зламалі жонку:

– Самае галоўнае для мяне, што Кацярына ў добрым псіхалагічным стане. Яна ўсміхаецца, у яе вочы гараць, яна добра выглядае знешне. Я не бачыў яе тры месяцы і тое, што я ўбачыў, дае зразумець, што яна трымаецца, яе не зламалі, яна гатовая змагацца і далей.

Па словах Ігара Ільяша, ужо першыя допыты сведак падчас суда паказваюць, што Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова не вінаватыя ў тым, што ім інкрымінуюць. Таму відавочна, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, падкрэсліў Ігар Ільяш.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск