„Рух” перамог „Кайрат” Шпілеўскага
Берасцейскі „Рух” у таварыскім матчы вучэбна-трэніровачнага збору ў Турцыі ўпэўнена перамог „Кайрат” – 2:0.
Галамі ў вароты чэмпіёна Казахстана, якім кіруе беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, адзначыліся Кірыл Чарнаок і Усевалад Садоўскі.
Чэмпіянат Еўропы-2021 па спартовай гімнастыцы пройдзе без гледачоў
Чэмпіянат Еўропы па спартовай гімнастыцы 2021 года ў Швейцарыі пройдзе без гледачоў, паведамляе прэс-служба Еўрапейскага гімнастычнага саюза (European Gymnastics). Турнір пройдзе ў Базелі з 21 па 25 красавіка. „Вядома, нам сумна, што глядацкія месцы будуць пустымі і фанаты змогуць глядзець спаборніцтвы толькі з дому, – заявіла кіраўніца мясцовага арганізацыйнага камітэта Катрын Амакер. – Але здароўе на першым месцы”. Усе грошы за прададзеныя квіткі будуць пакрыты.
„Нью-Джэрсі” з Ягорам Шаранговічам яшчэ тыдзень будзе заставацца па-за гульнёй
НХЛ адклала яшчэ тры гульні з удзелам „Нью-Джэрсі”, за які выступае беларускі форвард Ягор Шаранговіч. Перанесены матчы супраць „Філадэльфіі”, якія павінны былі адбыцца на гэтым тыдні, а таксама сустрэча з „Бостанам”, запланаваная на наступны. Такія перастаноўкі звязаны з тым, што чарговыя тры гульцы „Нью-Джэрсі” дададзены ў COVID-спіс. „Нью-Джэрсі” не гуляў у рэгулярным чэмпіянаце з 31 студзеня. Зараз у COVID-спісе клуба 19 хакеістаў (уключаючы Шаранговіча).
Аляксандра Сасновіч не выйшла ў 1/32 фіналу Australian Open
У першым раўндзе жаночага адзіночнага разраду беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (92-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прайграла эстонцы Анэт Кантавэйт (22) – 5:7, 2:6. Раней няўдала згуляла беларуска Вікторыя Азаранка (13), саступіўшы амерыканцы Джэсіцы Пегуле (61) – 5:7, 4:6. Ілля Івашка таксама не выйшаў у другі раўнд адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У 1/64 фіналу мужчынскага адзіночнага разраду беларус, які займае 110-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў расейскаму тэнісісту Раману Сафіуліну, у якога 183-я пазіцыя – 4:6, 3:6, 4:6.
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі фіналу жаночага чэмпіянату Еўропы па баскетболе
Пасля фінішу адборавага этапу вызначыліся ўсе 16 удзельнікаў фінальнай стадыі 38-га чэмпіянату Еўропы па баскетболе сярод жаночых каманд. Разам са зборнай Беларусі ў фінал выйшлі пераможцы яшчэ васьмі груп: Славенія, Швецыя, Расея, Чэхія, Сербія, Бельгія, Славакія і Харватыя, а таксама пяць лепшых каманд, якія занялі другія месцы (Грэцыя, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Італія, Турцыя). Лёсаванне груп жаночага Еўрабаскета пройдзе 8 сакавіка ў іспанскай Валенсіі. Фінальны этап чэмпіянату пройдзе 17-27 чэрвеня на арэнах Іспаніі і Францыі, каманды якіх былі вызваленыя ад кваліфікацыі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: з сайта rukh.by