У Лідзе затрымалі актывіста АГП Ежы Грыгенчу
Актывіста Ежы Грыгенчу затрымалі ў Лідскім РАУСе, куды ён прыехаў па позве. У дачыненні да актывіста вялі адміністрацыйны працэс аб удзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве ў дзень, калі абвяшчалі прысуд лідскаму актывісту Вітольду Ашурку.
Пра затрыманне Ежы распавядае яго жонка Валянціна:
– Прыйшла позва з Ліды на сённяшні дзень. Сёння і паехаў. Позва прыйшла ўжо дзесьці пяць дзён таму. Паехаў адразу з рэчамі, таму што зразумела, што пакінуць. Толькі што тэлефанавала ў Ліду, сказалі што на 72 гадзіны па артыкуле 23.34 затрыманы.
РР: З чым звазаная гэтая справа?
– Не ведаю, магчыма, з судом над Ашуркам, на які ён ездзіў.
Актывіст прыязджаў у Ліду толькі аднойчы, калі выносілі прысуд грамадскаму актывісту Вітольду Ашурку. Тады на суд прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, якія пасля абвяшчэння прысуду крычалі «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам!».
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня