Пра магчымы прапагандысцкі эфект ад УНС



Шэраг тг-каналаў апублікавалі прыблізны спіс выступоўцаў першага і другога дня Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе 11-12 лютага ў Менску. Сярод прамоўцаў, калі верыць пададзенай інфармацыі, – міністры, прадстаўнікі вертыкалі раённага ўзроўня, працоўныя, вайскоўцы, кіраўнікі культурных устаноў, студэнты і спартоўцы. Словам, арганізатары пастараліся падабраць аратараў такім чынам, каб у гледача прапагандысцкага шоу складвалася ўражанне таго, што УНС насамрэч з’яўляецца зрэзам грамадства. Прынцып фармавання ўдзельнікаў паводле прыналежнасці да розных груп насельніцтва і прафесій паказвае, што ўладзе крытычна важна давесці, што ў яе няма праблемы з падтрымкай на ўсіх узроўнях.

У адрозненне ад партыйных з’ездаў ці мітынгаў прыхільнікаў таго ці іншага палітыка, як тое назіраецца ў дэмакратычных краінах, улады Беларусі, калі прааналізаваць прозвішчы і біяграфіі выступоўцаў, робяць стаўку выключна на лаяльныя кадры. Лаяльнасць і актыўнасць падчас апошніх выбараў – вось два крытэры, паводле якіх камплектаваўся склад выступоўцаў. Гэта датычыць, напрыклад, старшыні квазіНДА “Беларускі саюз жанчын” Алены Богдан, якая ў якасці намесніцы міністра аховы здароўя адказвала за камунікацыю з прэсай, спрабавала пераканаць грамадства ў слушнасці мераў дзяржавы па пераадоленні наступстваў пандэміі каронавірусу ў Беларусі. Менавіта каронавірус лічыцца адным з трыгераў, якія палітызавалі ўвадначассе беларускае грамадства ў 2020 годзе, таму выступ Богдан будзе адным з ключавых на з’ездзе. Цікава, што на тым жа мерапрыемстве плануецца выступ кіраўнічкі гомельскай карціннай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі Людмілы Шымбалёвай, якая прадстаўлена кіраўнічкай раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”. Гэтая дзяячка праявіла сябе падчас арганізацыі ў горадзе над Сожам акцый у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і запомнілася эмацыйнымі прамовамі ў абарону курса дзяржавы. Відаць, за свой імпэт яна і атрымала пяць хвілінаў славы на УНС. А прыналежнасць абедзьвюх спадарынь да ўмоўна жаночай арганізацыі павінна, відаць , паказаць, што ўсе інсінуацыі наконт жаночага твару пратэстаў у Беларусі не маюць пад сабой ніякага грунту.

Дзеячаў навукі прадставяць былы прапагандыст, а цяпер дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч, вядомы эксцэнтрычнымі выказваннямі пра архаічны характар чырвона-зялёнага сцягу.

За псеўдаапазіцыю адказваюць кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч і былы валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі, які актыўна прасоўвае свае паслугі па пасярэдніцтве ўлады і грамадства. Астатнія персоны з памянёнага спісу – таксама правераныя кадры, ад якіх наўрад ці можна чакаць нейкіх сюрпрызаў. Два дні форуму, як і прагназавалася, будуць нагадваць савецкія партыйныя з’езды, на якіх не прагучыць нічога новага, акрамя ўсеагульнага “адабрамсу” і цкавання “ворагаў”.

Выключэннем з кампаніі сервільных таварышаў з’яўляецца хіба постаць каталіцкага іерарха Казіміра Велікасельца, які прадстаўляе сваю канфесію на дзяржаўным мерапрыемстве. Новы кіраўнік касцёла ў Беларусі, паводле меркаванняў экспертаў, з’яўляецца кампраміснай фігурай, якая не выклікае непрымання ў кіраўніка дзяржавы. Ён, у адрозненне ад свайго папярэдніка Тадэвуша Кандрусевіча, не будзе ўздымаць непрыемных для ўлады пытанняў. Адпаведна, ягоная прысутнасць з’яўляецца хутчэй дэманстрацыяй таго, што вядучыя хрысціянскія канфесіі падтрымліваюць уладу, нават калі гэта не зусім так.

Усебеларускі народны сход – гэта рэч у сабе, якая наўрад ці паўплывае на настроі ў грамадстве толькі па адной простай прычыне: там не прадстаўленыя рэальныя апаненты ўлады. Гэтае мерапрыемства патрэбнае толькі арганізатарам, каб трымаць сваіх прыхільнікаў у тонусе, а таксама прадаставіць кіраўніку дзяржавы пляцоўку для выступу сярод лаяльнай аўдыторыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ