Сабаленка перамагла Касаткіну і выйшла ў 1/16 фіналу „Australian Open”
Сёмая ракетка свету Арына Сабаленка прабілася ў трэці круг адзіночнага разраду „Australian Open”.
Беларуска перайграла расейку Дар’ю Касаткіну – 7:6 (7:5), 6:3. У 1/16 фіналу суперніцай Арыны будзе амерыканка Эн Лі (69 ВТА). Ягор Герасімаў ў 1/32 фіналу „Australian Open” не аказаў сур’ёзнага супраціву расейцу Аслану Карацеву, які прабіўся з кваліфікацыі, – 0:6, 1:6, 0:6
Беларуска Аляксандра Сасновіч ў пары з 18-гадовай украінкай Мартай Касцюк прайгралі ў трох сэтах пары Моне Бартэль (Германія) і Чжу Лін (Кітай) – 1:6, 6:3, 1:6.
А Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Эліс Мертэнс у матчы першага круга зламала супраціў Карнеліі Лістэр (Швецыя) і Алісан ван Уйтванк (Бельгія) – 3:6, 7:5, 6:4.
Вікторыя Азаранка адмовілася ад удзелу ў турніры ў Адэлаідзе
Беларуска Вікторыя Азаранка знялася з турніру ВТА 500 ў аўстралійскай Адэлаідзе, – інфармуе журналіст Лука Фіарына на сваёй старонцы ў „твітары”. Прычыны не называюцца. Спаборніцтвы ў Адэлаідзе пройдуць пасля заканчэння „Australian Open”. На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі Азаранка завяршыла выступленні ўжо ў першым крузе з лікам 5:7, 4:6, саступіўшы амерыканцы Джэсіцы Пегуле.
Ліянэль Месі – найлепшы гулец дзесяцігоддзя ў свеце па версіі IFFHS
Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS) склала спіс лепшых футбалістаў свету за дзесяцігоддзе (2011-2020). Рэйтынг быў складзены па выніках галасавання, праведзенага сярод прадстаўнікоў 150 краін. Найлепшым гульцом дзесяцігоддзя прызнаны Ліянэль Месі з „Барселоны”. На другім месцы Крышціяну Раналду, трэці ў спісе лепшых – Андрэс Іньеста.
Спартоўцам на Гульнях у Токіо трэба будзе здаваць тэст на COVID-19 кожныя чатыры дні
Спартоўцы, якія прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях у Токіо, павінны будуць здаваць тэст на каронавірус не радзей за адзін раз у чатыры дні, гаворыцца ў пераліку правілаў для атлетаў, апублікаваным Міжнародным алімпійскім камітэтам. Адзначаецца, што перыядычнасць ПЦР-тэставання будзе залежаць ад віду спорту і раскладу спаборніцтваў.
Лынькоў і Раман Сцяпанаў сталі гульцамі «Дынама» Берасце
31-гадовы нападнік Сяргей Лынькоў перайшоў у «Дынама» Берасце, паведамляе прэс-служба каманды. У мінулым сезоне футбаліст выступаў за «Крумкачоў», дзе ў 17 матчах ён забіў 1 гол. Таксама да каманды далучыўся брамнік Раман Сцяпанаў. Мінулы сезон 29-гадовы брамнік правёў у складзе „Руха” і прыняў удзел у 15 матчах вышэйшай лігі. Таксама з “Руха” ў “Дынама” перайшоў абаронца Віталь Гайдучык. 31-гадовы футбаліст у мінулым сезоне правёў 21 матч за берасцейскую каманду.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: twitter.com/adelaidetennis