Беларусы занялі 14-е месца ў змешанай эстафеце на ЧС па біятлоне



Зборная Беларусі пачала чэмпіянат свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы з выступу ў змяшанай эстафеце. Наша каманда заняла толькі 14-е месца. Першы этап выдатна правёў Антон Смольскі, які перадаў эстафету першым. Сяргей Бачарнікаў добра страляў, але вельмі слаба адпрацаваў на лыжні, саступіўшы больш за дзве хвіліны. Пасля экватара Беларусь апынулася на 14-м месцы. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля этапу Алены Кручынкінай. Яна прабегла два штрафныя кругі і адправіла на дыстанцыю Дзінару Алімбекаву 19-й. Лідар нашай зборнай прайшла абедзве стральбы без промахаў і завяршыла гонку 14-й. Перамогу ж святкавала каманда Нарвегіі. Срэбра ў Аўстрыі, бронза – у Швецыі.

Беларускія хакеісты прапусцілі пяць шайб ад Казахстана

Зборная Беларусі па хакеі няўдала стартавала на турніры ў Казахстане, саступіўшы гаспадарам. Ужо да сярэдзіны першага перыяду беларусы прайгравалі 0:2. У другой трэці перавага Казахстана павялічылася да чатырох шайбаў. У пачатку трэцяга перыяду Іван Драздоў і Яўген Нагачоў адыгралі дзве шайбы, але тут жа Кірыл Панюкоў усталяваў канчатковы лік – 2:5. Гэты матч быў першым за зборную для канадцаў Дэні Тэйлара і Франсіса Парэ, але якасць іх гульні была не самай лепшай. Сёння беларускія хакеісты згуляюць супраць рэзервістаў зборнай Расеі, а ў пятніцу правядуць матч супраць другой зборнай Казахстана.

Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі абыгралі вугорскую „маладзёжку”

Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі дамагліся перамогі над моладзевай камандай Вугоршчыны. На гэты раз каманда Дзмітрыя Шульгі была мацней з лікам 6:1. Гэта быў другі з трох запланаваных матчаў юніёрскай зборнай Беларусі падчас знаходжання ў Будапешце. У сталіцы Вугоршчыны беларуская дружына, якая рыхтуецца да красавіцкага чэмпіянату свету сярод юніёраў у ЗША,  правядзе яшчэ адзін матч. 11 лютага яна зноў памераецца сіламі з вугорскай зборнай з гульцоў не старэйшых за 20 гадоў.

Ірына Жук на міжнародным турніры ў Льевене заняла 3-е месца

У Льевене ў рамках міжнароднага лёгкаатлетычнага турніру ў памяшканні беларуская скакуха з шастом Ірына Жук паказала трэці вынік. Як паведамляе твітэр БФЛА, спартоўка скокнула на 4 метры 63 сантыметры. Бягуха Крысціна Ціманоўская паказала 8-ы вынік у бегу на 60 метраў з вынікам 7,48 секунды.

Уладзімір Шчэрба падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”

Абаронца Уладзімір Шчэрба стаў гульцом „Дынама-Брэст”. Пра гэта паведамляе твітэр клуба. Шчэрба правёў за „Дынама-Брэст” у агульнай складанасці сем сезонаў, а ў 2007 годзе дапамог камандзе выйграць першы ў гісторыі трафей – Кубак Беларусі. Апошнім клубам 34-гадовага абаронцы быў „Тарпеда” -БелАЗ.

„Манчэстар Сіці” перамог „Суёнсі” і выйшаў у чвэрцьфінал Кубка Англіі

„Манчэстар Сіці” дзякуючы галам Уокера, Стэрлінга і Жэзуса на выездзе перайграў „Суонсі” ў матчы 1/8 фіналу Кубка Англіі  – 3:1. Гэтая перамога стала для „гараджанаў” 15-й запар ва ўсіх турнірах. Манчэстэрцы ўсталявалі рэкорд для клубаў вышэйшага англійскага дывізіёна. Галоўны трэнер „Манчэстар Сіці” Хасэп Гвардзьёла дасягнуў адзнакі ў 200 перамог у руля „Манчэстэр Сіці”. У першым паўфінальным матчы Кубка Іспаніі «Севілья» перайграла «Барселону» 2:0. На 25-й хвіліне лік адкрыў абаронца Жуль Кундэ, а ў другім тайме на 85-й хвіліне перавагу гаспадароў павялічыў былы гулец „Барсы” Іван Ракіціч. Сустрэча ў адказ пройдзе ў Барселоне 3 сакавіка. У другім паўфінальным матчы Кубка Італіі «Аталанта» абыграла «Напалі” 3:1. Першая сустрэча завяршылася нічыёй – 0:0. Такім чынам, «Аталанта» выйшла ў фінал, дзе згуляе з «Ювентусам».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя