Прыўладны ўсебеларускі сход: першы дзень працы



Гледачы не пачулі выступ былой дэпутаткі і экс-кандыдаткі на пасаду прэзідэнта Ганны Канапацкая на афіцыйным Усебеларускім народным сходзе. Яна звярнулася да прэзідыума з просьбай даць ёй слова.

Фота: скрыншот з тэлетрансляцыі АНТ

Наталля Качанава, якая ў першы дзень была старшынёй сходу – дала ёй гэтую магчымасць, але жывую трансляцыю з Палаца Рэспублікі спынілі.

Ганна Канапацкая: Яны ж гуляюць у дэмакратыю.

РР: Качанава дазволіла вам выступіць.  Ужо з’явіўся тэкст вашага выступлення – нічога крамольнага вы там не казалі.

Ганна Канапацкая: Як не казала?! Я канстатавала той факт, што беларускае грамадства раскалолася. Я  ўпэўненая, што ўладам не спадабалася тое, што я бараню нашыя нацыянальныя сімвалы: б-ч-б сцяг і герб «Пагоню». Безумоўна, яны не хочуць выпускаць людзей, якія знаходзяцца пад вартай і якія ўдзельнічалі ў супрацьстаянні пасля падзей электаральнай кампаніі 2020 года.

А пачала Ганна Канапацкая з таго, што мерапрыемства назвала «злётам пераможцаў». «Так, у гэтым электаральным цыкле вы аказаліся больш моцнымі, згуртаванымі, арганізаванымі. Вас аказалася больш, вам было што губляць, і вы перамаглі”, – з гэтага і пачала свой выступ экс-кандыдатка ў прэзідэнты.

Як заўважае журналістка і палітычны аналітык Святлана Калінкіна, дзіўна, што ўлады спалохаліся нават такой прамовы:

– Гэта мара Аляксандра Лукашэнкі, каб была такая “маленькая” апазіцыя, якая будзе кішэннай, якая будзе прыходзіць на ўсе мерапрыемствы. Якая будзе нешта казаць пра беларускую мову, магчыма, пра гісторыю, магчыма, пра бел-чырвона-белы сцяг, але заўсёды будзе прызнаваць яго пераможцам. Сёння што б ні гаварыла Канапацкая ў прамове, якую не транслявалі нават, бо такую прамову пабаяліся трансляваць, але на самой справе яна здзейсніла мару дзеючай улады, Аляксандра Лукашэнкі асабіста.

Калі Наталля Качанава абвесціла, што слова дадуць Ганне Канапацкай, тэлеканал «Беларусь 1» скончыў трансляцыю і перайшоў у студыю, дзе абвясцілі, што першы дзень скончаны. Пазней дэлегаты паехалі на канцэрт.

Афіцыйны беларускі сход працягне сваю працу у беларускай сталіцы 12 лютага.

* * * 

Беларусь штогод выплачвае Расеі па крэдытах мільярд долараў, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 11 лютага на так званым VI Усебеларускім народным сходзе.

Ён падкрэсліў, што, дапамагаючы беларусам крэдытнымі рэсурсамі, Расея тым самым дапамагае сабе, „бо Беларусь — гэта фінішная вытворчасць для многіх галін расійскай эканомікі, кааперацыя дае працу мільёнам расіян і сродкі для жыцця іх сем’яў”.

„Ды і крэдыты ад Расеі — гэта далёка не дабрачыннасць… Вы ведаеце, колькі мы плацім Расеі ў год за тыя крэдытныя рэсурсы, якія мы атрымліваем? Мільярд долараў. Прынамсі, год таму было так”, — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, Расеі выгадна крэдытаваць Беларусь.

„Расія захоўвае грашовыя сродкі і ў іншых краінах, у тым ліку і ў ЗША, але атрымлівае ад таго, што яна такім чынам крэдытуе ЗША, на парадак менш па працэнтах ад тых грошай, якія яна там захоўвае”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён акцэнтаваў увагу, што Расея добра зарабляе на крэдытаванні Беларусі.

„Так, Расея нам дапамагае, велізарнае ёй за гэта дзякуй, але гэта не дабрачыннасць, часцяком працэнты па іх крэдытах, як я ўжо сказаў, на парадак вышэйшыя за агульнасусветныя, ды і вяртаем мы гэтыя крэдыты ў тэрмін, нам ніхто іх не спісвае”, — заявіў Лукашэнка.

Расейская газета „Коммерсант” 11 лютага паведаміла, што Беларусь абмяркоўвае з Расеяй новы крэдыт на 3 млрд долараў. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца падчас лютаўскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, удакладняе выданне.

Паводле дадзеных Нацбанка, у 2021 годзе Беларусі неабходна накіраваць на выплаты па ўнутраным і знешнім доўгу 3,3 млрд долараў. Пагашэнне абавязацельстваў у студзені бягучага года прывяло да зніжэння золатавалютных рэзерваў да 7,2 млрд долараў. Цэнтральны банк Беларусі раней меркаваў, што з-за выплат па даўгах рэзервы да канца года могуць скараціцца да 6 млрд долараў, паведамляе БелаПАН.

***

 „Беларусь зазнала найжорсткую атаку звонку”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 11 лютага на VI Усебеларускім народным сходзе.

„Мы перажываем вельмі сур`ёзны і пераломны перыяд у жыцці не толькі нашай дзяржавы, але і ўсяго беларускага народа. Такіх момантаў у гісторыі нашай краіны, калі мы былі ў складзе Савецкага Саюза і незалежнай Беларусі, было няшмат, — сказаў Лукашэнка. — Сучасны перыяд можна параўнаць з першым Усебеларускім народным сходам, і гэта бліжэй. Розніца ўсяго толькі ў тым, што тады была поўная безнадзейнасць. Не было краіны, не было наогул нічога. Пераломны момант, хаос у розумах людзей. Вельмі многія гэты перыяд памятаюць. Прыкладна такі перыяд мы перажываем і цяпер”.

Паводле слоў Лукашэнкі, знешнім сілам „паспрабаваць свае метады і методыкі ўжо не на прыкладзе разбуранай і загінулай краіны, дзе ў галовах разладдзе поўнае, а на маналітнай і быццам бы нармальнай рэспубліцы было вельмі важна”. „Атрымаецца — значыць можна дзейнічаць далей. Ну, і перш за ўсё, як я заўсёды казаў, гэта былі для іх пэўныя выпрабаванні іх зброі, гэта быў трамплін для нападу на Расію. Скажыце, ці я не мае рацыі? Мы ўжо сёння бачым, што адбываецца, — заявіў ён. — Таму мы зазналі гэты напад звонку. Наклала свае найжорсткія асаблівасці ў гэты перыяд і пандэмія. Слухайце, як быццам хтосьці прыдумаў гэты сур`ёзны фон для разборак і, як у нас прынята казаць, каляровых рэвалюцый”.

Лукашэнка падкрэсліў, што каляровая рэвалюцыя ў Беларусі была немагчымая. „Таму, абапіраючыся на пэўныя ўнутраныя сілы (колькі іх было, вы можаце судзіць самі, я не буду пра гэта казаць), была зробленая спроба не каляровай рэвалюцыі, а мяцяжу. Па прынцыпе — глядзіце, як назвалі, — бліцкрыгу. Вам ні пра што гэта не нагадвае? Мне нагадвае, хоць я і не перажываў гэтыя часы. І ў зале гэтым няма людзей, якія перажылі бліцкрыг у сярэдзіне мінулага стагоддзя ў напрамку Савецкага Саюза, нашай краіны. І ён павінен быў прайсці перш за ўсё па Беларусі. Таму гэта не была ніякая не каляровая рэвалюцыя, гэта мяцеж і метад бліцкрыг. Бліцкрыг не атрымаўся. Мы ўтрымалі сваю краіну. Пакуль”.

„Мы не ведаем дакладна, што яны хочуць і што яны распачнуць, — працягнуў Лукашэнка. — Мы ведаем абсалютна адназначна і дакладна, што яны ад нас не адступяцца. Таму што задзейнічаныя вельмі магутныя сілы, і прайграць у гэтай вайне ім быццам бы не з рукі. Але нам трэба выстаяць, што б там ні было. І гэты год будзе вызначальным”.

Пры гэтым у сваім выступе Лукашэнка так і не патлумачыў, хто такія „яны” і якія менавіта сілы хочуць разваліць Беларусь, паведамляе БелаПАН.

***

У Палацы Рэспублікі пачаў працу двухдзённы так званы VI Усебеларускі народны сход (УНС).

Роўна аб 11-й гадзіне 11 лютага Аляксандр Лукашэнка аасабіста адкрыў прыўладны ўсебеларускі сход.

Сход транслюецца ў прамым эфіры беларускіх тэлеканалаў і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, на сайтах VI УНС і шэрагу дзяржаўных СМІ. Тэлеверсія будзе паказана 14 лютага ў вячэрнім эфіры дзяржтэлеканалаў.

Удзельнікі УНС — каля 2,4 тыс. дэлегатаў і прыкладна 300 гасцей. Паводле дадзеных афіцыйнага телеграм-канала УНС, больш за ўсё дэлегатаў прадстаўляюць сферу прамысловасці, будаўніцтва і транспарту (30%), сацыяльна-культурную сферу, сферу паслуг і СМІ (25,9%). Сярод удзельнікаў таксама ёсць прадстаўнікі органаў дзяржкіравання (14,8%), АПК (8,2%), парламента (6,8%), сілавога блока (4,1%), прыватнага бізнесу (2,7%). Акрамя таго, у ліку дэлегатаў сходу навучэнцы і студэнты (1,5%), а таксама пенсіянеры і прадстаўнікі іншых слаёў насельніцтва (5,9%).

На сайце УНС адзначана, што гэта „народны форум, падчас якога абмяркоўваюцца асноўныя пытанні развіцця беларускай дзяржавы”. Сход названы „дэмакратычным інстытутам актывізацыі грамадскай думкі”, а таксама „адной з найважнейшых форм народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

Сцвярджаецца, што УНС праводзіцца „ў поўнай адпаведнасці” з арт. 3 Канстытуцыі, згодна з якім адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з’яўляецца народ. „Канстытуцыя гарантуе беларускім грамадзянам права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў”, — гаворыцца на сайце сходу.

Адзначаецца таксама, што дэлегаты закліканыя „ацаніць дзеянні ўлады за мінулыя пяць гадоў, вызначыць асноўныя напрамкі і параметры развіцця дзяржавы на будучую пяцігодку, выпрацаваць план эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны”.

На нарадзе 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на УНС могуць быць запрошаныя „прадстаўнікі апазіцыйнага пункту гледжання” — калі яны хочуць „весці дыялог і працаваць у імя краіны”. Запрашэнне паўдзельнічаць у форуме ў якасці гасцей атрымалі ў тым ліку старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Сяргей Чэрачэнь, кіраўнік Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Усе яны адмовіліся ад удзелу ў сходзе. Згоду дала экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыйны палітык і прэтэндавала на пасаду прэзідэнта на апошніх выбарах.

Апаненты Лукашэнкі не прызнаюць легітымнасці УНС — яны звяртаюць увагу на тое, што працэдура абрання дэлегатаў не была празрыстай, і ў іх склад былі ўключаныя толькі лаяльныя ўладзе людзі. 5 лютага правядзенне УНС раскрытыкавала Святлана Ціханоўская. Гэта толькі „наменклатурны сход спрабуюць выставіць як нешта, што выражае волю народа”, заявіла яна.

Напярэдадні УНС у шэрагу телеграм-каналаў з’явілася інфармацыя пра тое, што рыхтуюцца акцыі ў знак нязгоды з правядзеннем сходу. Са свайго боку МУС у асобе афіцыйнага прадстаўніка Вольгі Чамаданавай папярэдзіла, што „праваахоўнікі не дапусцяць правядзення якіх-небудзь несанкцыянаваных акцый на фоне важнага грамадска-палітычнага мерапрыемства”, паведамляе БелаПАН.

***

Гэта сход толькі адной палітычнай сілы. Не больш таго. Кіраўнік цэнтра „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька выказаўся аб праўладным усебеларускім сходзе, які сёння (11 лютага) пачынаецца ў Менску. Больш таго, як падкрэслівае эксперт – падзеі паказваюць, гэта на сёння не самая папулярная палітычная сіла. Есць у Анатоля Лябедзькі і іншыя заўвагі.

– Гэта прыхільнікі адной палітычнай сілы, умоўна назавём яе “ябацька” ці “Белая Русь”. Чаму яны збіраюцца на сваё мерапрыемства, засоўваюць сваю ліпкую руку ў дзяржаўны бюджэт, дзе ў тым ліку знаходзяцца і мае падаткі? Вось гэта анамальна. А другая акалічнасць, прымаючы нейкія рашэнні, прымушаюць усіх астатніх, у тым ліку і мяне, як грамадзяніна гэтай краіны, выконваць гэтыя рашэнні. Пагадзіцеся, гэта зноў алагічна.

У Мtнску і ваколіцах не спыняюцца штодзённыя маршы і пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Іх удзельнікі пратэстуюць супраць беззаконня і патрабуюць свабодных выбараў. Акцыі адбыліся таксама ў Калодзішчах, Жодзіне, Пружанах і многіх іншых гарадах і мястэчках краіны, паведамляе nn.by.

***

Імітацыя палітычнага дыялогу. Так пра беларускі сход, які сёння пачынаецца ў Менску – кажа лідар беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў. Кіраўніка гэтай палітычнай структуры запрашалі ў якасці госця на сход, але аднапартыйцы адзінагалосна прынялі рашэнне – не ўдзельнічаць. Як заўважае  лідар партыі Ігар Барысаў, прадстаўнікі апазіцыі на сходзе Аляксандру Лукашэнку патрэбныя выключна для імітацыі так званага грамадскага дыялогу.

– Каб паказаць, што адбываецца дыялог. Няхай сабе яны і не згодныя, але яны гатовыя ўдзельнічаць у гэтых працэсах. Але ж мы бачым, што адбываецца падмена гэтых паняццяў. Мяркую, што ўсе празмерна спрабуюць надаць гэтаму сходу значнасць. Хаця мы ўсе цудоўна разумеем, што гэта неканстытуцыйнае мерапрыемства. Яго можна трактаваць выключна як шырокую кансультацыйную нараду з прадстаўнікамі наменклатуры.

Таксама ўдзельнічаць у форуме адмовіліся Сяргей Калякін («Справядлівы свет»), Сяргей Чэрачэнь (кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада). Але, напрыклад, удзельнічае былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Ганна Канапацкая, сярод спікераў – Юры Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

***

Удзельнікаў «Усебеларускага народнага сходу» раніцай 11 лютага прывезлі ў Палац Рэспублікі. Пра гэта паведамляе БелТА. Таксама дзяржаўнае агенцтва, якое раней абвяшчала, што ў сходзе возьмуць удзел 2700 дэлегатаў, цяпер піша пра 2400 дэлегатаў. А лічбы ў 2700 сход мае дасягнуць «з улікам запрошаных».

Пра мэты схода БелТА паведаміла наступнае: „Дэлегаты абмяркуюць вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Галоўная мэта на пяцігодку – забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Ключавыя задачы – скараціць залежнасць эканамічнага росту ад вуглевадароднай сыравіны, павялічыць экспартны патэнцыял за кошт высокатэхналагічных тавараў, запусціць новы інвестыцыйны цыкл.”

Беларускае Радыё Рацыя