Пра агіткі ад прадпрыемстваў



Адно стратнае прадпрыемства па вырабе сельскагаспадарчай тэхнікі ў горшых савецкіх традыцыях выпусціла кліп напярэададні прыўладнага ўсебеларускага сходу. Пасля прагляду стужкі так і хочацца сказаць: “Дайце рабочым новую вопратку”.

Стужка мусіла паказаць, што рабочыя прадпрыемства падтрымліваюць афіцыйны курс. У цэхах знаходзяцца рабочыя, якія трымаюць нейкія чырвона-зялёныя квадрацікі, з якіх мусіць быць выкладзены выраз “Люблю Беларусь”. Але літары выразу атрымаліся нейкія крывыя. І яны чамусьці дрыжаць: ці тое ад холаду ў цэхах, ці тое яшчэ па нейкай прычыне. А самае галоўнае – гэта спецвопратка рабочых. Нейкія бушлаты на некалькі памераў болей і незразумелых колераў. Такое адчуванне, што іх сшылі яшчэ ў год заснавання заводу ў 1930 годзе. А ў канцы з’яўляецца надпіс “За адзінства, развіццё і незалежнасць!” Хаця пасля прагляду роліку ў развіццё верыцца слабавата. Відэаролік хутчэй нас вяртае ў савецкае мінулае. Такое адчуванне, што пасля яго здымак рабочым выдадуць харчовыя талоны, на якія яны пабягуць набываць дэфіцытныя ў савецкія часы прадукты. А цёця Клава з-пад прылаўка дастане ім па блаце джынсы з ненавіснага захаду. Ці на скрайні выпадак новую спецвопратку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ