Беларусь накіравала Латвіі запыт на выдачу Цапкалы
Менск накіраваў у Рыгу запыт на выдачу экс-кіраўніка ПВТ Беларусі і ўдзельніка перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі Валерыя Цапкалы. Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч, перадае РІА «Навіны».
– Вядома ж, усе дасланы. Усе дакументы адпраўленыя ва ўстаноўленым парадку праз Генеральную пракуратуру, і мы чакаем адказу як ад польскага боку, так і ад латвійскага, – сказаў Наскевіч журналістам.
8 лютага стала вядома, што Следчы камітэт накіраваў у Генпракуратуру дакументы аб ініцыяванні пытання перад Латвіяй аб экстрадыцыі Цапкалы. У эфіры беларускага ТБ заявілі, што яго абвінавачваюць «па шэрагу карупцыйных злачынстваў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры».
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што запыт на экстрадыцыю Цапкалы павінен быць адхілены. Кіраўнік ведамства разглядае «запыт рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазіцыйнага палітыка як адкрытую спробу помсты». У адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам рашэнне прымаецца кампетэнтнымі праваахоўнымі органамі, улічваючы ўсе аспекты справы, заявіў ён.
Валерый Цапкала – экс-кіраўнік беларускага Парку высокіх тэхналогій. Ён спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, але не быў дапушчаны на выбары. Пакінуў краіну ў ліпені 2020 года. У жніўні 2020 года стала вядома, што ў дачыненні да Цапкалы завялі крымінальную справу, ён быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. У канцы мінулага года Валерый і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію, яны ствараюць у Рызе фонд дапамогі беларускім жанчынам, пацярпелым ад дзеянняў уладаў, а таксама дапамагаюць бежанцам з Беларусі, які атрымаў у Латвіі палітычны прытулак.
Раней Следчы камітэт Беларусі праз генпракурора накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча. У польскай пракуратуры заявілі, што атрымалі запыт і разглядаюць яго.