Агляд прэсы: вяртанне на базу
Няўжо Расея павольна анэксуе Беларусь ва ўсіх на вачах? Сусветныя СМІ сочаць за атамнымі распрацоўкаі Ірану і шукаюць карані Covid-19 у змене клімату.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
Амерыканскае выданне Сbsnews па выніках працы першага дня так званага Усебеларускага народнага сходу апублікала артыкул пад назвай «Беларускі асілак Аляксандр Лукашэнка крычыць, што «перажыў» замежны «бліцкрыг». Выданне сачыла за выступам Лукашэнкі і заўважыла, што замест абяцанай прэзентацыі рэформаў на народным сходзе ў сталіцы Менску, «асілак» сканцэнтраваў уступны зварот да запоўненай аўдыторыі дэлегатаў у ваеннай і службовай форме вакол спробаў прынізіць ягоны ўрад».
Сbsnews падкрэслівае, што беларуская апазіцыя, кіраўнікі якой былі альбо зняволены ў турмах, альбо вымушана з’ехалі ў суседнія краіны ЕЗ, адхілілі двухдзённы Усебеларускі народны сход як частку «палітычнага тэатру». «Відавочна, што Лукашэнка адхіліў заклікі апазіцыі і, па ўсёй бачнасці, адсунуў абяцаны графік канстытуцыйных зменаў», – адзначае амерыканскае выданне.
Амерыканскае выданне Atlantic Council перажывае, што спробы Масквы ператварыць Беларусь у платформу для расейскіх узброеных сіл суправаджаюцца паскоранай эканамічнай інтэграцыяй, якая раўнасільная мяккай анэксіі.
Менавіта гэтыя прыкметы заўважыў журналіст Браян Уітмор, зыходзячы з нядаўняга паведамлення пра тое, што Расея і Беларусь плануюць у гэтым годзе рэкордную колькасць сумесных вучэнняў, маўляў «Лукашэнка ўсё глыбей апускаецца ў абдымкі Крамля».
«Бóльшай частцы вучэнняў будуць папярэднічаць маштабныя сумесныя расейска-беларускія манеўры «Захад-2021» у верасні гэтага году. З 2015 года Крэмль цісне на Беларусь, каб тая размясціла новую расейскую авіябазу. База будзе размешчана ў Бабруйску, а размесцяцца на ёй знішчальнікі Су-27 з расейскімі экіпажамі», – пералічвае амерыканскае выданне.
Габрэйская газета The Jewish Chronicle, выдаваемая ў Вялікабрытаніі, апублікавала падрабязнасці аперацыі па ліквідацыі фізіка-ядзершчыка Махсэна Фахрызадэ непадалёк ад Тэгерану. Паводле інфармацыі выдання, навуковец быў забіты пры дапамозе зброі вагой у тону, якая была патаемна дастаўлена ў Іран ізраільскай выведкай «Масад» у разабраным выглядзе. Выканальнікам называецца Ізраіль, але паведамляецца, што афіцыйныя асобы ЗША мелі папярэднюю інфармацыю аб аперацыі.
Згодна з найстарэйшай габрэйскай газетай у свеце, «Масад» усталяваў зброю на пікап, і падчас назірання за мэтай, зброяй з дыстанцыі кіравалі агенты.
У паведамленні газеты гаворыцца, што Ірану спатрэбіцца 6 гадоў, каб знайсці роўную замену Фахрызадэ, а ягоная смерць павялічыла тэрмін, неабходны краіне для стварэння атамнай бомбы, з 3,5 месяцаў да двух гадоў.
Швейцарскае выданне Tages-Anzeiger у матэрыяле «Вірусам выгадна змена клімату» падсумоўвае, як глабальнае пацяпленне адкрывае для розных відаў жывёл новае асяроддзе пражывання.
Журналіст Ёахім Лаукенман адзначае, што кліматычныя змены спрыялі росту трапічных лясоў у Паўднёвым Кітаі, дзе жывуць многія віды кажаноў. Змены тэмпературы, колькасці ападкаў і воблачнасці, якія адбыліся ў апошнім стагоддзі, прывялі да таго, што ў паўднёвакітайскай правінцыі Юньнань і суседніх рэгіёнах у Бірме і Лаосе трапічныя хмызняковыя зараснікі змяніліся на большай частцы трапічным лісцвяным лесам і трапічнай саванай. У выніку ў Паўднёвым Кітаі пасялілася каля 40 новых відаў кажаноў, што ўскосна паўплывала на перадачу і развіццё Sars-CoV-2.
«Таму цяпер як ніколі важна разглядаць эфекты змены клімату ў кантэксце новых інфекцыйных захворванняў і прымаць адпаведныя меры для скарачэння выкідаў парніковых газаў», – адзначае Tages-Anzeiger.
Беларускае Радыё Рацыя