Аналітык: Лукашэнка выбраў шлях Назарбаева



Зусім адмаўляцца ад улады Аляксандр Лукашэнка не збіраецца. Гэта вынікае з яго выступу на так званым „Усебеларускім народным сходзе”. Там ён паабяцаў змены ў Канстытуцыю, рэферэндум у 2022 годзе і намякнуў, што з новай Канстытуцыяй ён кандыдаваць на вышэйшую пасаду ў Беларусі – не будзе. Выступ Лукашэнкі на сходзе нашаму радыё каментуюць палітычныя аналітыкі – Валер Карбалевіч і Паўлюк Быкоўскі.

Валер Карбалевіч: Самае галоўнае і самае цікавае – гэта тое, што Лукашэнка агучыў хоць і даволі сумбурна свае планы, а значыць – і планы краіны. Ён сказаў, што ў пачатку 2022 года ў краіне адбудзецца Рэферэндум па новай  Канстытуцыі, што новая Канстытуцыя скароціць паўнамоцтвы прэзідэнта. І як можна разумець з кантэксту, што на новых выбарах пасля прыняцця новай Канстытуцыі Лукашэнка ўжо ўдзельнічаць не будзе. Праўда, калі будуць гэтыя выбары, не зразумела. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка хоча дасядзець да канца ўсю цяперашнюю прэзідэнцкую кадэнцыю да 2025 года.

Але там была такая цікавая рэпліка, у якой ролі будзе цяперашні прэзідэнт пасля сыходу ад улады, час пакажа. То бок, зусім адмаўляцца ад улады ён не збіраецца. І тут паралельна прагучаў другі сюжэт пра тое, што УНС атрымае статус канстытуцыйнага як нейкі вышэйшы орган народнага прадстаўніцтва, як стабілізатар ці страхоўка на пераходны перыяд. І калі звязаць гэтыя два намёкі, што ён сыходзіць не збіраецца – гэта раз, а Усебеларускі народны сход набудзе нейкі новы статус – то можна зрабіць выснову, што Лукашэнка збіраецца ўзначаліць гэты новы орган. Якая там пасада будзе – ці старшыня, ці старшыня прэзідыума ці яшчэ неяк, але вось гэты Усебеларускі народны сход. То бок, хоча, наколькі можна зразумець, ажыццявіць “праект Назарбаева” у Казахстане. Нешта падобнае. Вось гэта самае цікавае. Усё астатняе мы ўжо чулі шмат разоў.

РР: Спадар Паўлюк, вы раней ужо казалі, што пытанне Канстытуцыі будзе найважнейшым. Толькі пытанне Канстытуцыі мы можам з гэтага сходу вылучыць?

Паўлюк Быкоўскі: Лукашэнка раней казаў, што на гэтым сходзе ўжо будзе праект Канстытуцыі. Цяпер аказалася, што праект падрыхтуюць на пачатак 2022 года, а калі ўжо там будзе той рэферэндум, невядома. То бок, калі разглядаць змену Канстытуцыі як нейкі спосаб вырашэння палітычнага крызісу, які сёння ёсць, як выкананне таго плану, які быў агучаны Беларуссю перад АБСЕ і Пуціным, выкананне Сочынскіх дамоваў, то ўсё гэта не выглядае як вырашэнне сітуацыі. Важна таксама, што гаворка ідзе пра нейкую аддаленую будучыню. І, адпаведна, бліжэйшая выбарчая кампанія – гэта выбары ў мясцовыя саветы, а не канстытуцыйны рэферэндум. І калі паглядзець умовы, якія паставіў Лукашэнка перад сваім сыходам ад улады, то з аднаго боку, навядзенне парадку – гэта ён разумее так, што відавочна, што не будзе ніякіх пратэстаў, а другое – гарантыя бяспекі. І тут узнікае пытанне – ці гэтая гарантыя бяспекі будзе гарантаваная Канстытуцыяй, або гэта гарантыі, якія быццам бы нехта дасць з пасярэднікаў. Або гэта будуць гарантыі, якія дасць перамоўны працэс са сваімі палітычнымі апанентамі. Але Лукашэнка кажа, што ён ва ўпор не бачыць апанентаў, яны не апаненты. Таму ўсё гэта падаецца адыходам ад спробы вырашыць палітычны крызіс. І таму, хутчэй за ўсё, як і патаемная інаўгурацыя – не паўплывае, прынамсі, станоўча на вырашэнне крызісу. А вось як будзе развівацца сітуацыя ў такім падвешаным стане, трэба будзе паглядзець.  Я тут бачу некалькі сцэнароў. І ў прынцыпе  не бачу такіх, якія б былі прымальнымі для большасці грамадства.

РР: Спадар Валер, вось вы казалі пра тое, што Лукашэнка выбраў шлях Назарбаева. Пра нейкія тэрміны мы можам казаць? Бо так як вы кажаце, выглядае, быццам Лукашэнка застаецца з намі да канца свайго жыцця на кіруючай пасадзе.

Валер Карбалевіч: Гледзячы па ўсім – так. Ён сапраўды не хацеў бы нікуды сыходзіць. Ён хацеў бы нават пасля 2025 года заставацца ўжо ў новай іпастасі, але кіраваць краінай. Ужо можа не з тымі паўнамоцтвамі, якія ён цяпер мае, але хоча мець нейкі кантрольны пакет акцый у прыняцці палітычных рашэнняў. Гэта цалкам зразумела, добра ведаючы псіхалогію гэтага чалавека. Таму я абсалютна не здзіўлены.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя