Эксперт прагназуе ў 2021 годзе зніжэнне замежных інвестыцый на 30-35%
У 2021 годзе адбудзецца зніжэнне замежных інвестыцый на чыстай аснове прыкладна на траціну. Такое меркаванне выказаў БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, каментуючы апошнія звесткі статыстыкі.
„Калі ўзяць інвестыцыі на чыстай аснове, то іх зніжэнне можа скласці 30-35%, да 500 млн долараў”, — лічыць ён.
За 2020 год замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі (акрамя банкаў) склалі 8,7 млрд даляраў ЗША, за год яны скараціліся на 1,3 млрд даляраў. Асноўнымі інвестарамі былі суб’екты гаспадарання Расіі (41,4% усіх інвестыцый), Кіпра (9,4%), Аўстрыі (7,4%), Вялікабрытаніі (6,8%). Прамыя замежныя інвестыцыі склалі 6 млрд долараў ЗША (у 2019-м — 7,2 млрд), або 69,2% усіх замежных інвестыцый.
Раманчук адзначае, што Белстат, называючы лічбу 8,7 млрд, мае на ўвазе і фінансавыя, і таварныя крэдыты, іншыя пазыковыя абавязацельствы, якія складана назваць замежнымі інвестыцыямі. „Калі ачысціць гэтую лічбу, то чыстыя інвестыцыі, гэта значыць сродкі, укладзеныя ў праекты, у эканоміку, будуць у 8 разоў меншыя. Так што казаць пра інвестыцыйны бум не даводзіцца. Значна менш стала імпарту, менш — экспарту, гэта паўплывала на тое, што такая лічба знізілася на 1,3 млрд”, — сказаў эксперт.
Паводле яго слоў, калі ўзяць сродкі, што ўкладваюцца ў праекты „з чыстага поля”, у набыццё актываў, то не набярэцца і 1 млрд долараў. „Гэта тое, што купляюць расіяне, тое, што звязанае з развіццём раздробнага гандлю, а больш нічога няма. Гэта можна назваць рэжымам „інвестыцыйнай засухі”, сведкамі якой мы з’яўляемся”, — лічыць Раманчук.
„Захаваць узровень 2020 года будзе немагчыма, і не толькі таму, што каранавірус. Яшчэ адзін фактар звязаны з тым, што нашы асноўныя інвестары з Расеі актыўна займаюцца развіццём унутранага рынку, ствараюць сумесныя вытворчасці і пачынаюць адціскаць беларускіх вытворцаў. Калі беларускія ўлады нічога не прадаюць, не прыватызуюць, куды могуць пайсці прамыя замежныя інвестыцыі ва ўмовах абнулення права прыватнай уласнасці? Нікуды. Таму тое, што дасць крэдыт Кітай ці Расея, — гэта не інвестыцыі, а пазыковая яма, пазыковая пастка”, — падкрэсліў дырэктар аналітычнага цэнтра.