Еўрапарламент заклікаў прыпыніць запуск Беларускай АЭС



Еўрапарламент заклікаў прыпыніць запуск Беларускай АЭС, паведамляе „Інтэрфакс”. У рэзалюцыі гаворыцца, што станцыя ствараецца як геапалітычны праект Беларусі і Расеі, яе будаўніцтва і будучая эксплуатацыя з’яўляюцца крыніцай магчымай пагрозы для здароўя жыхароў Еўрапейскага Звяза.

З крытыкай АЭС у Астраўцы выступіў у прыватнасці польскі еўрадэпутат Роберт Бедрань:

– Атамная электрастанцыя ў руках апошняга дыктатара, чалавека непрадказальнага, які падняў руку на ўласны народ, гэта небяспека не толькі для Беларусі, гэта небяспека для балтыйскіх краін і цэлай Еўропы. Гэта не толькі пытанне бяспекі фінансавай ды экалагічнай, але гэта і геапалітычная праблема. Таму звяртаюся да Еўрапейскай камісіі, не будзьце наіўнымі, гэта гібрыдная анексія не толькі Беларусі, але цэлага рэгіёна. Важна, каб мы былі салідарныя ў гэтай і мелі адназначную пазіцыю.

Еўрадэпутаты настойваюць на тым, каб не запускаць Беларускую АЭС да таго часу, пакуль не будуць выкананы ўсе рэкамендацыі ЕЗ і не будуць прыняты ўсе меры па павышэнню бяспекі.

Рэзалюцыі Еўрапарламента носяць пры гэтым рэкамендацыйны характар. Раней еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан паведаміла, што эксперты Еўразвяза правялі на АЭС стрэс-тэсты і рыхтуюць справаздачу да пачатку сакавіка. У выпадку пацверджання вышэйшага ўзроўню бяспекі станцыі гэта дазволіць Беларусі бесперашкодна экспартаваць электрычнасць у краіны ЕЗ, чаму спрабуюць перашкодзіць Літва і Польшча.

Беларускае Радыё Рацыя