Экалагічныя арганізацыі заяўляюць пра ўзмацненне націску з боку сілавікоў



Экалагічныя актывісты і арганізацыі на працягу апошніх тыдняў назіраюць рэзкае ўзмацненне націску, што праяўляецца як у росце інтэнсіўнасці, так і ў паўсюдным характары. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якая паступіла 13 лютага ў БелаПАН. Яе падпісалі Беларуская партыя „Зялёныя”, экалагічнае таварыства „Зялёная сетка”, грамадскае аб’яднанне „Экадом” і  Беларуская антыядзерная кампанія.

„На наш погляд, арышты, адміністрацыйныя і крымінальныя справы, вобшукі, надгляды, канфіскацыя тэхнікі сталі насіць як татальны, так і мэтавы характар. Мы хочам звярнуць увагу на шэраг вобшукаў, якія пад надуманай падставай праводзяцца ў экалагічных актывістаў, мясцовых жыхароў, уладальнікаў аграсядзібаў Нарачана-Вілейскага краю: у Віцебскай і Мінскай абласцях Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Як адзначаюць эколагі, падстава для гэтай дзейнасці — „вышук нейкіх суб’ектаў у рамках так званай гродзенскай справы, калі падчас пратэстных акцый у Гродне невядомымі былі ўчыненыя дзеянні ў дачыненні да аб’ектаў уласнасці супрацоўнікаў сілавых структур”.

„Вялікая (каля 300 км) адлегласць ад Гродна да пасёлкаў і хутароў Нарачана-Вілейскага краю, адсутнасць прамых хуткасных транспартных камунікацый, адсутнасць якой-небудзь, нават апасродкаванай сувязі паміж мясцовымі актывістамі экалагічнага руху і шуканымі суб’ектамі з Гродна, а таксама паўсюдны характар рэпрэсіўных дзеянняў наштурхоўваюць на высновы аб іх рэальных прычынах. Гэта, на наш погляд, сацыяльна-экалагічная актыўнасць грамадзян”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што такія дзеянні, накіраваныя на ўсіх экалагічна актыўных грамадзян і арганізацыі гэтага рэгіёну, прыводзяць да таго, што экалагічны рух аказваецца паралізаваны, спыняецца якое-небудзь узаемадзеянне з мясцовымі ўладамі.

„Гэты працэс, на наш погляд, можа прывесці не толькі да жаданага для вертыкалі ўлады выніку, а менавіта задушэння пратэстнай актыўнасці, але і да спынення ўзаемадзеяння грамадзян з дзяржаўнымі інстытутамі па экалагічных пытаннях — да знікнення экалагічнага трэцяга сектара, які як ажыццяўляў дзейнасць па абароне навакольнага асяроддзя, так і выконваў вялікі аб’ём незалежнай экспертнай працы ў вузкіх галінах экалагічнай дзейнасці”, — падкрэсліваюць экалагічныя арганізацыі.

„У гэтых умовах — прававога дэфолту, адсутнасці экалагічнага грамадскага кантролю і незалежнай экспертнай супольнасці — непазбежна з’яўленне дадатковых экалагічных рызык і пагроз. Асабліва ўлічваючы пуск першага энергаблока БелАЭС. У гэтых умовах цяперашняе кіраўніцтва краіны наўрад ці можа разлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеянне на міжнародным узроўні. Суседства з Беларуссю становіцца для іншых краін экалагічна небяспечным”, — канстатуюць арганізацыі, якія падпісалі заяву.

Яны заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага спынення націску на экалагічную супольнасць незалежна ад меркаванняў, якімі кіруюцца сілавыя структуры.

„Мы падтрымліваем рэзалюцыю Еўрапарламента па беларускай АЭС, якая выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, заклапочанасць націскам на экалагічных актывістаў і экспертную супольнасць і заклікае Беларусь забяспечыць адпаведнасць міжнародным стандартам, у тым ліку ў дачыненні да ўдзелу грамадскасці. Рэпрэсіі павінны быць спыненыя, а законнасць адноўленая!” — падкрэсліваецца ў заяве.

belapan.by