Галоўчанка: Беларусь зможа атрымаць знешнія рэсурсы ў Расеі і Кітаі



Калі заходнія краіны з-за санкцый адмовяць Беларусі ў крэдытах, рэспубліка зможа прыцягнуць фінансавыя рэсурсы ў Расеі і Кітаі, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” 12 лютага пасля завяршэння так званага VI Усебеларускага народнага сходу.

Галоўчанка адзначыў, што за 2021—2025 гады ў Беларусі трэба інвеставаць больш за 200 млрд рублёў у развіццё эканомікі і інфраструктурныя праекты, каб выйсці на пастаўленыя запланаваныя пункты росту.

„Гэта вельмі вялікая сума, але гэта аб’ектыўная патрэба. Вядома, частку гэтых сродкаў мы павінны зарабіць самі — гэта прыбытак нашых прадпрыемстваў, дывідэнды, паступленні ў бюджэт. Часткова мы павінны пракрэдытаваць”, — сказаў кіраўнік урада.

„Вядома, людзі, якія выступаюць, каб нас адрэзалі ад крыніц фінансавання на Захадзе — гэта шкода краіне. Мы ж гэтыя грошы не для сябе, палацаў ці яшчэ чагосьці. Вось гэты план — прыходзьце, глядзіце. Гэта дарогі, бальніцы, фізкультурна-спартыўныя комплексы. Вы не хочаце даваць грошы на гэта — не трэба. Мы знойдзем, дзе іх узяць. Ёсць Расея, Кітай, іншыя азіяцкія дзяржавы”, — падкрэсліў Галоўчанка.

Так, паводле яго слоў, нядаўна ўрад Беларусі заключыў пагадненне з Кувейцкім фондам арабскага эканамічнага развіцця, які „з задавальненнем пракрэдытуе будаўніцтва анкалагічнай бальніцы ў Гродне”.

„То бок мы знойдзем грошы, усе грошы на Захадзе і за Атлантыкай не заканчваюцца. Таму я б параіў не хвалявацца на гэты конт”, — заявіў прэм’ер-міністр Беларусі.

belapan.by

Фота: ТАСС