На базе адпачынку пад Смалявічамі былі затрыманыя 67 чалавек
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, вечарам 13 лютага былі затрыманыя не менш чым 67 чалавек на базе адпачынку „Агеньчык” у Смалявіцкім раёне.
У ліку затрыманых — менеджарка Анастасія Доль, спевакі Уладзімір Лепяшынскі і Валерыя Суравіцкая (Lear), акцёры Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі, паведамляе spring96.org.
Чацвёра пасля складання пратаколаў аб правапарушэннях адпушчаныя са Смалявіцкага РАУС.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, супрацоўнікі АМАПа затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрта беларускіх гуртоў РСП („Разбітае сэрца пацана”), Panska Moc і Ok-Band. У мясцовым чаце паведамляецца, што затрыманых даставілі ў РАУС, у іх былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны.