За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.658 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.658 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 2.222 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 знізілася — 13 лютага іх было 1.745. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 268.687, памерлі 1.849 пацыентаў з каранавірусам. Паправіліся 258.202 чалавекі.

За мінулыя суткі выканана 18.286 тэстаў на каранавірус (усяго выканана 4.681.199 тэстаў).

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, станоўчыя прагнозы развіцця сітуацыі з захворваннем на COVID-19 дазваляюць працягнуць перапрафіляванне ложкаў у бальніцах Беларусі.

„На гэтым тыдні ў рэгіёнах Беларусі паступова паляпшаецца эпідэміялагічнае становішча. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння захворвання на COVID-19, хоць пры гэтым ёсць нязначны рост вострых рэспіраторных інфекцый. Станоўчыя прагнозы развіцця сітуацыі дазваляюць працягнуць паэтапнае перапрафіляванне ложкаў у бальніцах краіны”, — паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

belapan.by