Упершыню ад Анатоля Сыса прагучала “Жыве Беларусь!”



У лютым 2009 года я запісвала успаміны лідара “Талакі” Сержука Вітушкі.

 Больш за тыдзень мы разбіралі асабісты архіў Сяржука Вітушкі і гутарылі. Тады ён распавёў, як упершыню ў найноўшай гісторыі ў Менску публічна прагучаў вокліч “Жыве Беларусь!” – на міітынгу 20 сакавіка 1988 года на Плошчы Свабоды. 

Сяржук Вітушка гаварыў: 

“Ідэя першага мітынгу прыйшла ў сакавіку 1987 году. Мітынг у абарону помнікаў. І ў прынцыпе, гэта быў першы мітынг у горадзе. Спантанны мітынг абсалютна. Ніякіх заявак мы нікому не падавалі. Не існавала ніякога заканадаўства пра мітынгі і дэманстрацыі. 

“Кожны адказны за лёс помнікаў!” Мы хацелі дастукацца да кожнага. Адна справа сёньня падымаць народ, калі кожны надзейна зашыўся ў сваёй норцы і замаскіраваўся –і не чапайце мяне. 

Тады ня трэба было надта моцна агітаваць, кожны хадзіў і вышукваў: што б гэта такое пачытаць, што б зрабіць, куды б схадзіць, з кім бы пазнаёміцца. Атмасфера была наэлектрызаваная. І мы знайшліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час.

На мітынг прыйшлі сьвядомыя талакоўцы і людзі старэйшага веку з інтэлігенцыі. На  мітынгу ўпершыню ад Анатоля Сыса прагучала “Жыве Беларусь!” Я быў страшэнна злосны на яго за гэта. Так, менавіта Анатоль Сыс сказаў на мітынгу “Жыве Беларусь!” Я гэты эпізод дакладна памятаю, бо перад мітынгам адбылося паседжаньне, на якім мы абмяркоўвалі, што рабіць, як рабіць, пра што гаварыць. Была прыдуманая вельмі простая канцэпцыя: я скажу ўступнае слова і запрашу людзей да дыскусіі. За мной меўся выступаць Сяргей Харэўскі, ён больш прафесійную архітэктурна-археалагічную даведку даў бы, нібыта экскурсію… 

А пасьля –      вольны мікрафон”. Мікрафон сапраўды быў. Тады ў “Талакі” меўся такі маленькі мегафончык, набыты ў спартовай краме за грошы, якія ўдалося зарабіць на адной з талокаў. У гэты мікрафон гаворыш, а ён хрыпаты –     мацюгальнік”. Захаваліся, напэўна, фотаздымкі ў сямейным архіве, дзе я стаю і трымаю гэты мегафон, і стэнд побач з фотаздымкамі помнікаў… Тады чалавек 50 выступілі. Напачатку “талакоўцы”, а пасьля выпадковыя людзі, якія падышлі на гэты мітынг. Выступалі эмацыйна. І Анатоль Сыс выступаў, чытаў верш, калі не памыляюся “Маналог Апанаса Філіповіча”, сваім акторскім, трыбунным голасам і скончыў выступ заклікам “Жыве Беларусь!” Натоўп, з падагрэтым настроем, дружна адказаў: “Жыве!” Гэта пасьля і прыпомнілі нам… 

А мы потым сварыліся з Сысам, я крычаў: “Як ты мог… Мы ж дамаўляліся! Ты ж нам сапсаваў усё, паглядзі…” 

А Сыс толькі пасьмейваўся, маўляў, так і трэба, маўляў, яшчэ і мала я сказаў. А мы дамаўляліся на паседжаньні папярэднім, што “палітыку” ніякім чынам закранаць ня будзем. Неяк мы гэта ўсё прытарможвалі@. 

Гэта аповед пра інтэлектуальны супраціў 80-ых, як вярталіся і адраджаліся і лозунгі і сімволіка забароненыя ў СССР.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ