Зімовыя віды спорту



Зіма пакуль не стамляецца і не здае сваіх пазіцый, працягвае нас марозіць і падкідае новага сняжку! Камусьці падабаецца такі стан рэчаў, а кагосьці халоднае надвор’е моцна засмучае… Але неразумна змагацца з тым, што ты ўсё роўна не можаш змяніць – варта прымаць і шукаць свае бонусы ў зіме!

І хтосьці прыгадаў лыжы, якія шмат год безнадзейна стаялі без справы. Стаць на лыжы – добрая задума, але і тут нас чакае процьма сюрпрызаў. 14 лютага каля вёскі Лешна на Маладзечаншчыне міліцыянты затрымалі 19 лыжнікаў: 11 жанчын і 8 мужчын. Іх даставілі ў Маладзечанскі РАУС. Прычыны? Палічылі, што гэта было не спартовае мерапрыемства і не сяброўская сустрэча, а быў гэта “несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаньнем БЧБ-сімволікі”. Праваабаронцы называюць 11 прозьвішчаў затрыманых.

Распачаты адміністрацыйны працэс… За шалікі, пальчаткі і, зразумела ж, сцягі “няправільных” колераў. Быццам спорт і здаровы лад жыцця можа праходзіць толькі ў чырвона-зялёнай гаме і па камандзе зверху. Пэўна, да таго ўсё і ідзе, але першае, пра што думаеш: хтосьці ж патэлефанаваў у міліцыю са скаргай на лыжнікаў? Заўжды знаходзяцца неабыякавыя “заўзятары”, што карыстаюцца забароненымі прыёмамі. Ці памятаюць яны, калі самі апошні раз станавіліся на лыжы? Неспартовыя паводзіны… З меламанамі-тэарэтыкамі тое ж: і самі не далучаюцца да музычнай культуры, і іншым не дазваляюць адчуць асалоду напоўніцу!

13 лютага на базе адпачынку “Аганёк” у Смалявіцкім раёне АМАП затрымаў 68 чалавек падчас канцэрту гурта «Разбітае сэрца пацана». Кагосьці адпусцілі, а кагосьці затрымалі… да суду. Праз пэўны час усе судовыя справы і па музыках, і па спартоўцах, і па тых, хто вадзіў карагоды летам, будуць падавацца нам неверагоднай фантасмагорыяй, а сёння мы проста жывем у стане халадавога і болевага шоку. Іначай немагчыма зразумець тое, што адбываецца навокал.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ