КДБ пашырыў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці
КДБ абнавіў так званы спіс асобаў і арганізацый, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. У спісе фігуруюць Мікалай Аўтуховіч, Вольга Маёрава, Уладзімір Гундар, група з некалькіх анархістаў , – адзін з іх Ігар Аліневіч. Усяго 17 чалавек.
Наколькі законныя такія дзеянні з боку КДБ і навошта гэта робіцца, разважае адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч:
– Мне падаецца, і мы заўсёды пра гэта казалі, што ўключэнне ў спісы да абвяшчэння прысуду парушае прэзумпцыю невінаватасці гэтых асобаў. Таму што ніхто віну Аўтуховіча і іншых асобаў, якіх унеслі ў спісы, не ўстанавіў і не даказаў. Толькі прысуд, які ўступае ў законную сілу, можа быць такім доказам. Таму, як мінімум, гэта заўчаснае рашэнне. І, як нам падаецца, яно парушае прынцыпы справядлівага судовага разбіральніцтва. Таму што ўжо фармуе ў вачах грамадскасці вобраз небяспечных тэрарыстаў з гэтых людзей. Хаця іх віна яшчэ не ўстаноўлена.
РР: Навошта, на вашую думку, КДБ такія крокі робіць?
Валянцін Стэфановіч: Не ведаю, навошта гэта КДБ. Як мінімум, трэба дачакацца прысуда, і потым адпаведна дзейнічаць ужо, калі гэта будзе ўстаноўлена, даказана. Хоць, як мы разумеем, у нашых умовах спадзявацца на справядлівае судовае разбіральніцтва вельмі складана. І казаць пра тое, што ёсць падставы іх пераследаваць, я б пакуль устрымаўся. Таму што мы шмат бачылі розных справаў, звязаных з нібыта тэрарызмам і нейкімі незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. І пасля па выніку мы нічога так і не ўбачылі.
Ёсць спробы ўвязаць ужо і нашую арганізацыю з тэрарыстычнай дзейнасцю, таму зараз мала чаму здзіўляцца даводзіцца. У стужцы „Траціл пратэсту” узгадваецца Марфа Рабкова, якая нібыта таксама датычная да дзейнасці злачыннай арганізацыі. І ў анонсе АНТ было напісана, што ў працягу фільма вы даведаецеся, якім чынам праваабаронцы звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасцю і прычым тут праваабарончы цэнтр „Вясна”. То бок, нас увязваюць у грамадскай думцы ўжо з нейкай тэрарыстычнай дзейнасцю.
Усе гэтыя інсінуацыі – проста чарговыя рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да праваабарончай супольнасці і праваабарончага цэнтру „Вясна” у прыватнасці, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.
Цалкам размова ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя