Не менш за 40 ператрусаў у адзін дзень (абноўлена)



Не менш за 40 ператрусаў у адзін дзень. Затрымалі таксама дачку лідара Партыі БНФ.

Пра гэта Рыгор Кастусёў паведаміў у сацыяльных сетках, а таксама ў нашым эфіры. Інфармацыі пакуль небагата, кажа палітык:

– На колькі мне ўдалося даведацца з тэлефанавання ад дачкі, яе затрымалі, калі яна была ў маёй роднай вёсцы. Там стаіць дзедаўская хата. Яны там разам займаліся рамонтам. Туды прыехала пракуратура з пастановай і ордэрам на вобшук. Прывялі вобшук, нічога не знайшлі, але запатрабавалі на пачатку здаць зброю, наркотыкі, забароненую літаратуру. Пасля вобшуку Кацярыну пасадзілі ў сваю пракурорскую машыну і павезлі на Магілёў.

Па якой прычыне затрымалі і што інкрымінуюць, падрабязнасцяў палітык пакуль не ведае. У сацыяльных сетках ён напісаў: «Прыехалі на вёску, правялі там ператрус, затрымалі дачку і паехалі на Магілёў. Пры ператрусе нічога не забралі».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by

***

Вобшук прайшоў таксама ў бацькоў Андрэя Стрыжака, які з’яўляецца сузаснавальнікам фонду BYSOL і ў цяперашні час знаходзіцца за межамі Беларусі.

«АБЭЗ толькі што скончыў ператрус у маіх бацькоў у Рэчыцы. Канфіскаваныя жорсткі дыск і стары мабільнік», — а гэта допіс у сацсетках Андрэя Стрыжака, праваабаронцы і каардынатара фонда BYSOL, які зараз знаходзіца за межамі Беларусі.

Вобшукі ў супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных

Падчас вобшуку ў офісе БАЖ канфіскаваныя тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўступленне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса „Абажур”. Офіс апячатаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які прысутнічаў пры вобшуку, не затрыманы. Не затрыманыя таксама яго намеснікі Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, да якіх дадому таксама прыходзілі сілавікі.

Пасля вобшуку ў менскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага павезлі дадому для правядзення вобшуку там.

Сілавікі таксама прыходзілі дадому да юрыста Крысціны Рыхтэр (у яе канфіскавалі тэхніку і дакументы, якія тычацца дзейнасці БАЖ), праваабаронцаў Андрэя Палуды (каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”), Наталлі Сацункевіч і Дзмітрыя Салаўёва (яго пасля вобшуку павезлі), да лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза Васіля Завадскага, членаў РЭП Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна, да эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні.

У Гомелі вобшукі прайшлі ў журналістаў Анатоля Гатоўчыца і Ларысы Шчыраковай, валанцёраў цэнтра „Вясна” Валерыя Сляпухіна і Ільі Міронава, актывіста руху „За Свабоду” Уладзіміра Кацоры, а таксама ў бацькоў журналіста Яўгена Меркіса.

Вобшукі прайшлі таксама ў Гомельскай вобласці. У Светлагорску сілавікі прыходзілі да праваабаронцы Алены Маслюковай, у Мазыры — да кіраўніка мясцовага аддзялення цэнтра „Вясна” Уладзіміра Целепуна, паведамляе БелаПАН.

Фота: novychas.by

***

Не адказваюць тэлефоны яшчэ некаторых супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра. У прыватнасці, недасяжны пакуль берасцейскага праваабаронца Уладзімір Вялічкін, не адказвае і ягоная жонка.

У Берасці прышлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч.

Вобшук быў у юрысткі Крысціны Рыхтэр (342 арт. КК), забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

***

Скончыўся ператрус у праваабаронцы „Вясны” і каардынатара кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэя Палуды. Забралі тэхніку, картку і асабістыя грошы. Праваабаронца на волі. 

* * * 

Каля 15.20 скончыўся ператрус на офісе „Вясны” у Менску. Мікрааўтобусы з забранымі рэчамі з’ехалі. Алеся Бяляцкага павезлі на вобшук да яго дамоў.

***

Юрыст „Вясны” Павел Сапелка выйшаў на сувязь. Ён паведаміў, што у яго дома адбыўся вобшук, была вынята ўся тэхніка. Ён на волі.

* * * 

У менскім офісе „Вясны” на Незалежнасці, 78а ўжо больш за 3 гадзіны працягваецца ператрус. Унутры знаходзіцца старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі. Паводле інфармацыі Валянціна Стэфановіча, ператрусы праходзяць таксама ва ўсіх рэгіянальных цэнтрах арганізацыі, за выключэннем Гародні і Віцебска.

Таксама працягваецца вобшук на офісе прафсаюза РЭП, прайшлі ці яшчэ праходзяць вобшукі ў шэрагу іншых актывістаў і журналістаў.

* * * 

Затрыманы праваабаронцы „Вясны” з Магілёва Аляксей Колчын і Барыс Бухель. У праваабаронцы „Вясны” з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага не адказвае тэлефон. Магчымы ператрус.

* * * 

У намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева прайшоў вобшук, канфіскаваная тэхніка і грошы. Агееў на волі.

*  * * 

Ператрус у офісе БАЖ праходзіў па артыкуле 342 КК. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў, што пакуль статусу па справе ў яго няма. Таксама ён паведаміў, што яго адпусцілі дадому – ператрусу ў кватэры Андрэя няма. Ён на свабодзе. 

* * * 

Ператрус на офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў скончаны, дзверы апячатаныя. Канфіскаваная тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўваходжанне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса БАЖ „Абажур”.  Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец затрыманы. Яго вязуць для ператрусу дадому. Ператрус ладзяць людзі з цалкам схаванымі тварамі.

Фота: Белсат

* * * 

У менскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” праходзіць вобшук, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч. Паводле яго слоў, каля 11.00 унутр зайшлі старшыня „Вясны” Алесь Бяляцкі і восем сілавікоў.

Да пачатку вобшуку Бяляцкаму патэлефанавалі прадстаўнікі праваахоўных органаў і сказалі з’явіцца ў офіс арганізацыі на праспекце Незалежнасці.

„Гэта логіка рэпрэсій — спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў. Так было і пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 2010 года. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта менавіта акцыя запалохвання журналістаў і праваабаронцаў”, — сказаў Стэфановіч у каментары БелаПАН.

Вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі. Пазней Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праводзяцца ў рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

„У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

* * * 

Пры вобшуку ў кватэры намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага канфіскавалі мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і грошы. Сам Гарэцкі на волі, ніякага працэсуальнага статусу не мае.

* * * 

Не адказваюць на тэлефонныя званкі лідар РЭП Генадзь Фядыніч і старшыня прафсаюза Васіль Завадскі.

* * * 

З самай раніцы недасяжны тэлефон юрыста „Вясны” Паўла Сапелкі. Прайшоў ператрус і ў праваабаронцы „Вясны” Зміцера Салаўёва. У яго забралі тэлефоны і тэхніку. Зміцер  затрыманы.

У Рэчыцы міліцыя зладзіла ператрус у бацькоў аднаго з лідараў фонду By_Sol Андрэя Стрыжака. Забралі цвёрды дыск і стары мабільны тэлефон.

На офісе ПЦ “Вясна” на праспекце Незалежнасці 78а пачаўся ператрус. Туды кіруецца старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

* * * 

У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіць вобшук.

***

З раніцы 16 лютага ў Беларусі лукашэнкаўскія сілавыя структуры праводзяць масавыя ператрусы ў кватэрах актывістаў праваабарончага цэнтру „Вясна”, а таксама сяброў БАЖ.

З ператрусамі з 7-й гадзіны раніцы сілавікі заявіліся ў кватэры магілёўскіх праваабаронцаў „Вясны” Аляксея Колчына, Барыса Бухеля, журналістаў Аляксандра Буракова і Аляксандра Буракова-малодшага, у Светлагорску – правабаронцы Алены Маслюковай, у Мазыры – Уладзіміра Целяпуна

У Менску прыйшлі ў кватэры лідараў БАЖ – Андрэя Бастунца, Барыса Гарэцкага, Алега Агеева. У Гомелі – у журналістаў-фрылансераў Ларысы Шчыраковай і Анатоля Гатоўчыца. У Бастунца ў кватэры ператрусу не было, яго павезлі ў офіс БАЖ. Прыехалі з ператрусам да жонкі Бастунца Сабіны Брыло. Там міліцыянты забралі тэлефоны ў яе сына і ягонай дзяўчыны.

З ператрусам таксама прыйшлі да каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды. Яшчэ адзін ператрус у правабаронцы „Вясны” Наталлі Сацункевіч.

Таксама ператрус адбыўся ў юрысткі Крысціны Рыхтэр (па артыкуле 342 КК), у яе забралі тэлефон і дакументы, якія датычаць дзейнасці БАЖ,

Таксама прыйшлі да прэсавай сакратаркі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага Яўгеніі Парашчанкі.

У Віцебску ператрус прайшоў у кватэры бацькоў праваабаронцы Ірыны Траццяковай. У яе забралі флэшку і кніжку „Маніторынг аддзяленняў міліцыі”. Саму Ірыну не затрымлівалі.

Ператрусы праходзяць у рамках крымінальных спраў, пераважна 342 артыкул (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У Светлагорску міліцыянты затрымалі Алену Маслюкову.

У Берасці прыйшлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Тэлефон праваабаронцы „Вясны” Уладзіміра Вялічкіна недасяжны.

Некаторыя ператрусы праходзяць з удзелам супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасццю і карупцыяй МУС (ГУБАЗІК).

Беларускае Радыё Рацыя