Вінцук Вячорка: Беларусы мусяць мець права пражыць хаця б адзін дзень па-беларуску



У гэты зімовы час у беларусаў маецца ажно тры нагоды, каб асэнсаваць сучасны стан беларускай мовы.

26 студзеня 1990 года быў прыняты Закон аб мовах у Беларусі, паводле якога беларуская мова займела статус дзяржаўнай.

21 лютага Беларусь штогод святкуе Дзень роднай мовы.

І, нарэшце, 16 лютага 1999 году адбыўся першы перапіс  насельніцтва незалежнай Беларусі, па выніках якога 81,9% назвалі беларускую мову роднай.

Ці з’яўляецца беларуская мова ў Беларусі дыскрымінаванай? І ці пагражае краіне анексія Расеі менавіта праз мову? Што можна параіць Мінадукацыі Беларусі для ратавання мовы?

Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі «Госцю Рацыі» – палітыку і мовазнаўцу Вінцуку Вячорку.

РР: На Ваш пункт гледжання, у які бок мяняецца сітуацыя з беларускай мовай у карыстанні ў Беларусі?

Вянцук Вячорка: Натуральна, я сачу за перапісамі, і звяртаю ўвагу найперш на тыя перапісы, якія яшчэ пакідалі нейкую надзею, што публікаваліся блізкія да праўды вынікі. Вымушаны сказаць, што тлумачэнне паняцця “родная мова” для беларусаў, з якіх гэтую самую родную мову, менавіта як родную, выбівалі, рэзка панізіла колькасць тых, хто прызнаваўся ў тым, што беларуская мова родная. Я маю на ўвазе тлумачэнне, пачынаючы з 2009 года, паняцця „родная мова”. Маўляў, гэта тая мова, якую чалавек першай засвоіў. Але ў сітуацыі, калі многія бацькі баяліся выхоўваць сваіх дзяцей па-беларуску, каб не ўскладняць ім жыцця, людзі прыходзілі да беларускай мовы не праз бацькоў, а ўжо ў свядомым узросце – праз кнігі, праз кантакты з іншымі свядомымі людзьмі і так далей.

І трэба сказаць, што сапраўдная катастрофа прысутнасці беларускай мовы ў свядомасці беларусаў адбылася з панавання Лукашэнкі і лукашызму. Калі ў 1999 годзе 74% усіх жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднай, то за 10 гадоў – усяго 53%, аж на 20% меней. Гэта абсалютна нечуваны, беспрэцэдэнтны бадай што для ўсяго свету спад, радыкальная змена ў свядомасці на працягу нават не пакалення, а паловы пакалення ці трэці пакалення. Так, як правіла, не бывае, каб людзі мянялі сваю моўную свядомасць і моўныя паводзіны. Гэта значыць, што яны прыстасаваліся да новай моўнай палітыкі дзяржавы.

Беларуская мова дыскрымінаваная, беларуская мова зняважаная, а яе носьбіты знаходзяцца ў ліку падазраваных.

РР: Як вы расцэньваеце саму тэндэнцыю русіфікацыі, якая адбываецца ў Беларусі? І ці можна казаць пра прыкметы “мяккай анексіі” з боку Расеі?

Вянцук Вячорка: Канцэпцыя так званага “рускага свету”, якая цяпер фактычна ёсць дзяржаўнай стратэгіяй забеспячэння мяккага духоўна-культурнага кантролю Расеі, мае вельмі сур’ёзную не толькі дыпламатычную, але і адміністрацыйную і фінансавую падтрымку.

РФ не хавае, што наяўнасць расейскамоўных супольнасцяў, прысутнасць расейскай мовы на тэрыторыях па-за межамі Расейскай Федэрацыі, служыць падставай палітычнага ўмяшання ў справы суседніх дзяржаваў.

Інакш кажучы, сама РФ стварае сітуацыю, у выніку якой мець расейскамоўныя супольнсці ў сваёй краіне становіцца небяспечным. Супольная з Расеяй інфармацыйная прастора, інфармацыйна-культурная прастора, размываюць нацыянальную свядомасць тых народаў, з якіх гэтую свядомасць і так выбівалі. Гэта ў першую чаргу датычыць беларускага і ўкраінскага народаў. Але нашая сітуацыя значна больш жахлівая.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя