Ірына Траццякова: Шукалі дакументы, забралі кнігу „Мониторинг отделений милиции”



Міліцыянты правялі ператрус у кватэры, дзе жывуць бацькі віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Яна не была там ужо даволі працяглы час з прычыны распаўсюду каронавірусу: з бацькамі жыве 92-гадовая бабуля Ірыны, і сям’я засцерагаецца ад хваробы шляхам самаізаляцыі.

Праваабаронца распавяла, як праходзіў ператрус:

– Ад 7-й раніцы праводзіўся ператрус, цікавілі дакументы, літаратура, напэўна, атрыбутыка. Але паколькі яе ў мяне няма, то забралі нейкі значок – знайшлі ў рэчах сына. Пераглядалі ўсе, а ў мяне шмат праваабарончай літаратуры. Зацікавіла іх адна кніга, яе забралі – “Мониторинг отделений милиции”.

Падобныя ператрусы адбыліся ў праваабаронцаў і журналістаў у Менску, Гомлі, Магілёве ды іншых гарадах. Паводле каментара Следчага камітэту, ператрусы праводзяцца ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 ( арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск