СК адмовіўся пачынаць справу па факце смерці Аляксандра Віхора
Следчы камітэт Беларусі правёў «праверку» і адмовіўся пачынаць крымінальную справу па факце смерці Аляксандра Віхора.
Праверка, нібыта, устанавіла, што Аляксандр віхор памёр ад захворвання сардэчна-сасудзістай сістэмы, якое «раптам абвастрылася», піша АФН.
25-гадовы Аляксандр быў затрыманы 9 жніўня на плошчы Леніна ў Гомелі, а праз два дні, у ноч з 11 на 12 жніўня, ён памёр у рэанімацыі сухотнай бальніцы Гомеля, куды яго прывезлі з СІЗА. На яго целе было мноства траўмаў, гематом, пераломаў.
«Падчас першаснага агляду бачных цялесных пашкоджанняў, якія маглі стаць прычынай смерці, выяўлена не было», — заявілі тады ў СК. А праз дзень следчы паведаміў родным, што Саша памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў.
Пасля агалоскі ў СМІ пра тое, што ні слядоў наркотыкаў, ні алкаголю ў аналізах Аляксандра не было выяўлена, аб гэтай версіі забыліся, а па справе памянялі следчага.
«…ён спрабаваў вырвацца, таму супрацоўнікі міліцыі на законных падставах ужылі фізічную сілу. Затым яго даставілі ў РАУС Чыгуначнага раёна, потым — у ізалятар часовага ўтрымання, дзе скаргаў на стан здароўя не прад’яўляў», — заявіў начальнік упраўлення СК Беларусі па Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў.
«На яго целе выяўленыя непрамыя пераломы рэбраў і пераломы грудзіны, якія ўзніклі пры правядзенні рэанімацыйных мерапрыемстваў-непрамога масажу сэрца. Алкаголю, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у арганізме не выяўлена», — сказаў ён.