Адкрыццё літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Чароўных слоў увасабленне”
17 лютага 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах”, падрыхтаванай сумесна з дзяржаўнай установай “Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці” ў межах музейнага праекта “Рэгіёны”.
Маляваныя дываны на Віцебшчыне пачалі адраджаць у 1980-х гадах. Установы культуры Віцебскай вобласці мэтанакіравана праводзяць работу па вывучэнні, адраджэнні і папулярызацыі гэтага мастацтва. Экспазіцыя прадставіць калекцыю маляваных дываноў майстроў з 14 раёнаў Віцебскай вобласці. Кожная работа – гэта ўвасабленне твораў фальклорнай літаратурнай спадчыны Беларусі – легенд, паданняў і казак Віцебшчыны.
Беларускія маляваныя дываны прызнаны важнай часткай нацыянальнай культурнай спадчыны сучаснай Беларусі. Традыцыйнае майстэрства іх стварэння з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны і ўваходзіць у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (UNESKO).
У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел мастацтвазнаўцы, літаратары, мастакі і кінематаграфісты.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).