У Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча з расейскімі дэмакратамі



Студэнты польскай сталіцы мелі магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі расейскіх дэмакратычных партыяў.

war

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі ўшанавалі памяць аднаго з лідараў расейскай апазіцыі Барыса Нямцова, якога тыдзень таму забілі недалёка ад Крамля. Старшыня незарэгістраванай партыі “5 снежня” Сяргей Давідзіс адзначыў, што Барыс Нямцоў быў тым чалавекам, які ўмеў усіх аб’ядноўваць:

– Роля Барыса Нямцова была ўнікальная ў тым сэнсе, што ён – адзін з самых ўплывовых удзельнікаў апазіцыі. У сілу свайго папярэдняга бэкграунда, шматгадовай працы губернатарам, пасля – віцэ-прем’ерам, міністрам, ён меў вялізны ўплыў, і дзякуючы сваім асабістым якасцям быў паспяховым мадэратарам расейскай апазіцыі. Ён умеў з усімі знаходзіць агульную мову і аб’ядноўваў усіх.  Без Барыса будзе складаней.

На сустрэчы ў Варшаўскім універсітэце была ўзнята тэма будучых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Сябра Федэральнай Рады партыі “Яблоко” Аляксандр Захараў лічыць, што ўлада верагодна не дапусціць, каб ад апазіцыі на выбары ішоў чалавек неімперскіх поглядаў:

 – Рэальнасць такая, што ў цяперашніх умовах, людзі, якія выступаюць за еўрапейскі шлях развіцця Расеі, а не за імперскі, хутчэй за ўсё не будуць дапушчаныя да прэзідэнцкіх выбараў. Таму цяжка нешта прагназаваць, паглядзім на вынікі выбараў ў Дзярждуму. Яны вельмі шмат пакажуць.

Таксама выступоўцы сцвердзілі, што ў дадзеных умовах расейская дэмакратычная апазіцыя можа ўплываць на пэўныя рашэнні на рэгіянальным узроўні, але не мае ніякіх рычагоў для ўплыву на сітуацыю ва ўсёй Расейскай Федэрацыі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара