«Вясна» паведамляе пра затрыманне трох сваіх праваабаронцаў пасля ператрусу



З раніцы 16 лютага следчыя прыйшлі ў кватэры і офісы праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй краіне. Шукаюць матэрыялы аб фінансаванні пратэстаў. Затрымалі сяброў магілёўскай філіі «Вясны» Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. У Менску затрымалі Змітра Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы.

„І гэта толькі апошнія звесткі, сочым за падзеямі,” – расказаў у нашым эфіры Уладзімір Лабковіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

– Лёс вялікай колькасці нашых калегаў мы да гэтага часу не ведаем. Хтосьці з іх пасля ператрусаў дастаўлены далей альбо ў Следчы камітэт, або ў ГУБОПиК. Гэта і Зміцер Салаўёў з Менску і Барыс Бухель з Магілёву, пасля ператрусу былі затрыманыя і дастаўлены ў органы, якія вядуць следства.

Каля 15.20 вобшук на офісе „Вясны” ў Менску скончыўся. Мікрааўтобусы з вынятымі рэчамі з’ехалі. Cтала вядома, што вобшук хутка пачнецца на другім менскім офісе „Вясны” на вул. Мяржынскага.

Беларускае Радыё Рацыя