„Міжнародная амністыя” запатрабавала спыніць пераслед праваабаронцаў і журналістаў у Беларусі



 Беларускія ўлады павінны спыніць націск на праваабаронцаў і журналістаў, заявіла праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя”.

„Беларускія ўлады павінны спыніць няспынныя ўціск і пераслед грамадзянскай супольнасці пасля вобшукаў у праваабарончым цэнтры „Вясна”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, у праваабаронцаў і незалежных журналістаў сёння раніцай”, — гаворыцца ў „Твітэры” арганізацыі.

„Міжнародная амністыя” таксама запатрабавала „неадкладна вызваліць усіх затрыманых і пакласці канец дзяржаўнаму беззаконню”.

16 лютага па ўсёй Беларусі адбыліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, а таксама ў рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах краіны.

belapan.by