У праваабаронцы Паўла Левінава – два ператрусы за дзень



Каля 22.30 ператрусы ў Паўла Левінава скончыліся. У яго забралі мабільны тэлефон, таму пакуль не ўдалося ўдакладніць падрабязнасці, якія датычаць забранай маёмасці. Дакладна вядома, што ў яго агулам забралі 236 аркушы розных папер і 32 найменні розных рэчаў, сярод якіх тэхніка і тэлефон.

***

Міліцыянты з’явіліся ў кватэру віцебскага праваабаронцы каля 16.30, ператрус працягваўся да 21.30. Ці было нешта канфіскавана, невядома, але Паўла Левінава ў суправаджэнні міліцыянтаў павезлі па другім адрасе – у кватэру, дзе жыла ягоная маці-нябожчыца. Ён мае там часовую рэгістрацыю.

Першы ператрус доўжыўся амаль 5 гадзінаў, наколькі зацягнецца другі – невядома.

Сёння а 7-й раніцы ператрус прайшоў і ў кватэры віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Яна там часова не жыве, бо яе бацькі і 92-гадовая бабуля трымаюцца рэжыму самаізаляцыі праз пагрозу захварэць на каронавірус. Ірына Траццякова паведаміла, што міліцыянтаў цікавілі носьбіты інфармацыі,  дакументацыя па праваабарончай дзейнасці і тэматычная літаратура. У прыватнасці, з кватэры бацькоў праваабаронцы міліцыянты забралі флэшку і дапаможнік „Мониторинг отделений милиции”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск