Дзмітрый Лаеўскі: Гэта фармаванне негатыўнай грамадскай думкі (абноўлена)
“Гэта абсалютна карупцыйная справа, гэта чыстай вады крымінальшчына”, — так выказаўся па справе Віктара Бабарыкі генеральны пракурор Андрэй Швед. Яму адказаў адвакат Дзмітрый Лаеўскі:
– Гэта фармаванне негатыўнай грамадскай думкі. Яно прадвызначае высновы суда і ставіць суд у сітуацыю, калі ты прыходзіш да высновы, што чалавек невінаваты і яго трэба апраўдаць, а ў сітуацыі створанай негатыўнай думкі службовымі асобамі, значна цяжэй прымаць рашэнне ў апраўданне. І трэба разумець, што гэта не дробнае шкодніцтва, гэта інструмент.
Гэты каментар Дзмітрый Лаеўскі даў падчас youtube-стрыма, які зладзіў штаб Бабарыкі па выніках першага судовага пасяджэння.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя
***
Скончыўся першы дзень судовага працэсу над Віктарам Бабарыкам.
Ніводнага хадайніцтва не было задаволена, адзначае яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Адно задаволілі часткова:
– Віктар Дзмітрыевіч выкарыстоўвае жэсты, але яму канвой чамусьці забараняе гэта рабіць. Віктар Дзмітрыевіч звярнуўся да суда, бо гэта адбываецца ў судзе. Абавязак суда зрабіць так, каб абвінавачаны меў нейкія элементарныя магчымасці. Суд дазволіў Віктару Дзмітрыевічу падчас дачы паказанняў выкарыстоўваць жэсты. А ў астатні час сказаў, што гэта не датычыцца суду.
Яшчэ адно хадайніцтва суд прыняў, але пакуль не задаволіў — ён будзе думаць над ім трое сутак:
– Хадайніцтва наконт выкліку ў суд сведак, якія былі кіраўнікамі замежных кампаній, праз якія быццам бы так званая злачынная група атрымлівала нейкі хабар. Гэтыя грамадзяне Латвіі не былі дапытаныя падчас следства, але абвінавачванне ўтрымлівае нейкія высновы наконт гэтых грамадзян. Добра было б, каб іх паслухалі.
У справе Віктара Бабарыкі налічваецца 122 тамы.
Пад канец першага дня пасяджэнняў з тэрыторыі суда Маскоўскага раёна горада Менска, дзе праходзіў працэс, з’ехаў адзін аўтазак і каля чатырох сініх бусікаў, а таксама некалькі машын ДАІ.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя
***
Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі просіць адвод суддзі Ігара Любавіцкага, спасылаючыся на тое, што яго жонка – саўладальніца бюро, дзе працуе адвакат аднаго з абвінавачаных, Віктара Кабяка. Суд разгледзеў адвод суддзі і адмовіў: падстаў прадугледжаных КПК не маецца.
Адвакат таксама папрасіў пусціць у залу журналістаў недзяржаўных СМІ і прадстаўнікоў інтэрнет-рэсурсаў. Суддзя заяўляе, што гэта не адносіцца да прадмета судовага разбору, хадайніцтва далучаецца да матэрыялаў крымінальнай справы.
Наступнае хадайніцтва абароны Бабарыкі: змена падабароннаму меры стрымання на хатні арышт. Ён аргументуе хадайніцтва тым, што следчыя дзеянні ўжо не праводзяцца, следства не даказала, што Бабарыка можа схавацца, перашкодзіць следству або здзейсніць іншыя злачынствы.
Суд хадайніцтва разгледзеў і змяніць меру стрымання адмовіўся.
Фота: Тут.бай
* * *
У памяшканні суда Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд справы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты, былога кіраўніка “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў банка.
Справу разглядае Вярхоўны суд. На суд не пусцілі журналістаў незалежных СМІ, у залу змаглі прайсці толькі сваякі, але ўсе тэлефоны і тэхніку трэба было здаць. Перад пасяджэннем каля будынка эвакуявалі машыны і прыехалі сапёры, працуюць дзясяткі АМАПаўцаў.
Па “справе Белгазпрамбанка” праходзяць восем фігурантаў. Працэс вядзе суддзя Ігар Любавіцкі. Паводле следства, Віктар Бабарыка, будучы старшынём праўлення Белгазпрамбанка, стварыў з ліку сваіх намеснікаў арганізаваную групу, каб сістэматычна атрымліваць хабар. Таксама за суму звыш 1 млн рублёў купіў нерухомасць у Менску, каб нібыта легалізаваць даход, атрыманы злачынным шляхам.
Віктар Бабарыка віну не прызнаў. Ён мог быць галоўным канкурэнтам Лукашэнкі на выбарах 2020 года.
Фота: БелаПАН
* * *
Беларусы становяцца ў велізарныя чэргі, каб патрапіць на працэс. Хто трапіў на суд, просяць здаваць тэлефоны ў камеры захоўвання.
Фота: Белсат
Віктара Бабарыку прывезлі ў суд. Улады адмовілася акрэдытаваць журналістаў найбуйнейшых незалежных медыя Беларусі.
Фота: скрыншот з відэа
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Сёння ў Вярхоўным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, а таксама топ-менеджараў банка.
Справа „Белгазпрамбанка” ўзнікла летам мінулага года, праз месяц пасля таго, як Бабарыка абвясціў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду кіраўніка праўлення банка. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана прыблізна 4 млн долараў, каштоўныя паперы на 500 тыс. долараў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (яна фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн долараў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.
18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку — асноўнага суперніка Аляксандра Лукашэнкі ў перадвыбарнай кампаніі. Былому банкіру выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).
Топ-менеджарам „Белгазпрамбанка” Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, Аляксею Задойку і Сяргею Дабралёту было выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — згодна з ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).
Папярэдняе пасяджэнне па справе адбылося 4 лютага. Яго прызначылі ў сувязі з тым, што Бадзей, Дабралёт, Кузьміч, Ільясюк, Шабан і Кабяк заключылі дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Згодна з паведамленнем прэс-службы Вярхоўнага суда, на пасяджэнні пракурор пацвердзіў выкананне імі „абавязацельстваў па аказанні садзейнічання папярэдняму следству ў расследаванні злачынства, а таксама па выплаце даходу, атрыманага злачынным шляхам”. Бабарыка на пасяджэнні не прысутнічаў, бо не прызнае віны і дамоўленасцей са следствам не заключаў. Бабарыка перакананы ў палітычнай падаплёцы справы, праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.
Працэс па справе „Белгазпрамбанка” будзе праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым. Заяўку БелаПАН на асвятленне працэсу адхілілі без растлумачэння прычын, некаторым медыя адмовілі ў акрэдытацыі з-за „недахопу месцаў”.
Варта адзначыць, што недзяржаўныя СМІ не змаглі трапіць на папярэдняе пасяджэнне па справе. Будынак суда ў той дзень быў закрыты для наведвальнікаў і акружаны металічнымі агароджамі, вакол дзяжурылі сілавікі.
Аднак раней вышэйшыя службовыя асобы неаднаразова запэўнівалі: суд над Бабарыкам будзе адкрытым. Так, старшыня КДБ Іван Церцель, выступаючы ў снежні перад калектывам „Гродна Азота”, заявіў: „Лялькаводаў расійскіх вы ўбачыце, таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё гэта будзе публічна і адкрыта”.
Былы член ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юрый Васкрасенскі ў эфіры тэлеканала СТВ прыводзіў выказванні Лукашэнкі на яго рэзананснай сустрэчы з палітвязнямі ў СІЗА КДБ у кастрычніку мінулага года. „Калі Віктар спытаў: „Што са мной?”, прэзідэнт сказаў: „З табой усё проста, я не хачу, каб ты сядзеў, таму вярні грошы скрадзеныя — і не будзеш сядзець”. На гэта Бабарыка парыраваў, што інфармацыя пра скрадзеныя ім грошы не адпавядае рэчаіснасці, ён нічога не прысвойваў. Тады Лукашэнка заявіў: „Хто што прысвойваў, будзе відаць на адкрытым судзе”, — расказаў Васкрасенскі.
Напярэдадні суда, 16 лютага, Віктар Бабарыка перадаў свой зварот беларусам, у якім заклікаў іх не здавацца.