Латушка накіраваў ліст Старшыні Цэнтрабанка Расеі



Рэжым Аляксандра Лукашэнкі цяпер «адчайна мае патрэбу ў грошах». І гэтыя грошы «ён можа папрасіць толькі ў Расеі». Таму Масква павінна ўсведамляць наступствы, з якімі можа сутыкнуцца, калі да ўлады ў Беларусі прыйдзе новы ўрад. Такую засцярогу зрабіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

У сваім звароце да Цэнтральнага банка  Расеі, палітык нагадаў, што доўг Беларусі перад Расеяй «можа перавысіць 14 мільярдаў даляраў». Паводле яго слоў, ЦБР выдатна ведае кошт грашам, роўна як і тое, колькі ўжо завінавацілася Беларусь Расеі.

Ён таксама адзначыў, што: „Цяпер у Беларусі не засталося легітымнага органа, які мае права падпісваць крэдытныя i iншыя дамовы ад імя краіны. Лукашэнка з трэскам прайграў выбары, тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся 5 лістапада 2020 года – пасля гэтай даты ўсе яго рашэнні і прызначэнні не маюць ніякай юрыдычнай сілы”.

Беларускае Радыё Рацыя