Барыс Гарэцкі: З паднятымі рукамі ішоў насустрач і казаў, што тут дзеці
У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі вобшукі ў офісах праваабарончага цэнтру „Вясна”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці, на кватэрах кіраўнікоў некаторых з гэтых арганізацый.
Сённяшні „Госць Рацыі” – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі разам са сваёй сям’ёй таксама перажаў шматгадзінны ператрус.
РР: 16 лютага для вас, як і для шматлікіх журналістаў і праваабаронцаў, аказаўся цяжкім – вобшукі, канфіскацыі, пагрозы. Як гэта было ў вас?
Барыс Гарэцкі: Недзе ў 7.20 пачаліся званкі ў дамафон, у дзверы. І гэта працягвалася хвілін 10. Пасля я ўбачыў пад пад’ездам з’явілася група з балгаркай, каб рэзаць дзверы. Таму я яшчэ з акна пачаў крычаць, што адкрываю, у мяне дзеці дома. Мы збіраліся ў школу акурат. І ясна, што школа для дзяцей адмянілася. Была група, якая праводзіла ператрус, і група сілавой падтрымкі. Я з паднятымі рукамі ішоў насустрач і казаў, што тут дзеці. Няма нічога забароненага, мы – журналісты. Не трэба гвалту. І ў прынцыпе яны мяне пачулі. Паказалі мне пастанову на ператрус, пачалі вобшук, а сілавую групу адпусцілі. Засталіся супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў. Я так зразумеў, што розныя падраздзяленні праводзілі гэтыя вобшукі паводле пастановы Следчага камітэта.
Прайшоў ператрус па ўсёй кватэры. Гэта быў не фармальны ператрус, яны дасталі кожную кніжачку і паглядзелі. Залезлі ў банку з кавай. Паглядзелі ці там кава. Банку з гарбатай… Уся кватэра была проста вывернутая. Гэта працягвалася дзесьці тры гадзіны. І потым яны ўсё гэта пачалі апісваць. Я ўжо пачаў збірацца на Валадарку, але яны сказалі, што мяне пакуль не забіраюць. Дарэчы, трэба адзначыць, што яны былі на “Вы” са мной і маёй жонкай. Мы падпісалі ўсе пастановы, і яны з’ехалі.
РР: Што забралі?
Барыс Гарэцкі: Усе носьбіты інфармацыі. Забралі два тэлефоны, два кампутары, дзіцячыя тэлефоны, флэшкі, сімкі, некалькі дакументаў, нейкія рэчы, якія па логіцы рэчаў да справы не падвярстаеш, але калі глядзець на тое, што яны праводзяць гэта па арт.342 – то зараз усё можна далучаць да масавых беспарадкаў. Вось, напрыклад, мая жонка перапісваецца з кімсьці з СІЗА. Яны ўбачылі ліст са следчага ізалятара і яго апісалі. У мяне быў ліст перапіскі з Вольгай Класкоўскай, калі яна яшчэ сядзела ў шведскай турме. Яго таксама забралі. Я не ведаю, што тут крымінальнага. Іх зацікавілі кнігі Уладзіміра Арлова, яны адразу паклалі іх у той стос, каторы яны забіраюць. Кнігі Някляева. Нататнік з часоў працы на “Радыё Рацыя”. Два сцягі бел-чырвона-белыя забралі. Цяпер гэта ўжо, напэўна, зусім экстрэмізм. Я лічу, што гэта наш нацыянальны, гістарычны сцяг. Былі грошы, дробныя па сямейных маштабах. Скажам, бюджэт паўмесяцовага пражытку. Вось яны гэтыя грошы забралі.
РР: Яны ж, мабыць, бачылі, што ў вас трое малых дзяцей. Вы не пыталіся ў іх, як жыць, як карміць дзяцей без грошай?
Барыс Гарэцкі: Я стараўся ў канфлікты і ў дыскусіі не ўваходзіць. Бо і так дзеці былі напалоханыя. Па-другое, дзеці бачылі, як гэтыя людзі забіраюць іх тэлефоны, ясна, што гэта было зусім не весела. Таму ў канфлікт я не ўступаў.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск