У Бярозе працягваюць судзіць за здымкі ў інтэрнэце
У Бярозаўскім судзе працягваюць судзіць за два здымкі ў інтэрнэце. На двух здымках група грамадзян трымае бел-чырвона-белыя сцягі.
Людзей не відаць, тым не менш бярозаўскія міліцыянты Александр Басалай, Мікалай Пракурат і Дзмітрый Лішко прыцягнулі да адказнасці трох актывістаў за нібыта недазволенае масавае мерапрыемства. Усе трое, Валянціна Тарасюк, Іван Берынчык і Уладзімір Зубрыцкі, паспелі трое сутак адсядзець у ізалятары часовага ўтрымання да суда.
Здзіўляе пісьмовая просьба начальніка Бярозаўскага РАУС Сяргея Лабаева да суда пакараць вінаватых суткамі, кажа Валянціна Тарасюк:
– Я ў сваю чаргу прашу суд, у выпадку прызнання мяне вінаватай, прызначыць мне пакаранне ў выглядзе штрафу ў сувязі з тмы, што я самотная маці і маю на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця – 11 гадоў.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, здымак у інтэрнэце ніяк нельга лічыць масавым мерапрыемствам:
– Гэтае так званае пікетаванне праводзілася на дачным участку ў садовым таварыстве. Наколькі прыватны дачны ўчастак можна лічыць грамадскім месцам. Выклікае пытанне, калі гэта не грамадскае месца, тады пра якое пікетаванне можна весці гаворку.
Судовы працэс па справе Валянціны Тарасюк і Івана Берынчыка працягнецца 26 лютага, па справе Уладзіміра Зубрыцкага – 22-га лютага.
Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя