Зміцер Труцько абскарджвае рашэнне Бярозаўскага суда



Бярозаўскі жыхар Зміцер Труцько, якога пакаралі штрафам 10 базавых велічынь за бел-чырвона-белы сцяг на балконе, вырашыў абскардзіць рашэнне Бярозаўскага суда ў Берасцейскім абласным судзе. Труцько катэгарычна не згодны, што такім чынам ён правёў пікет. Указвае таксама на шматлікія працэсуальныя парушэнні, дапушчаныя бярозаўскімі міліцыянтамі падчас падрыхтоўкі справы да суда, – кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Безумоўна, спадзяванне на тое, што абласны суд прызнае довады Змітра Труцько правамернымі, вельмі мінімальныя. Хаця парушэнняў працэсуальнага кодэкса пры вядзенні адміністрацыйнай справы было вельмі шмат. І фактычна на судовых паседжаннях так і не было ніякім чынам даказана, што менавіта Зміцер Труцько вывесіў гэты расцяж на балконе сваёй кватэры. Адзіночнага пікета не было, паколькі Зміцер Труцько не стаяў на балконе са сцягам, сцяг проста сам вісеў.

Паводле праваабаронцы, скаргі Труцько ў судзе на працэсуальныя парушэнні міліцыянтаў суддзёй Аленай Нямковай былі адхіленыя і адначасова вынесена прыватнае вызначэнне на адрас Бярозаўскага РАУС. Паводле суддзі Нямковай, правы асобаў, супраць якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, супрацоўнікамі міліцыі павінны быць забяспечаны, а адміністрацыйныя справы падрыхтаваны належна.

Разгляд апеляцыйнай скаргі ў абласным судзе адбудзецца трэцяга сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя