Генадзь Фядыніч: Гэта спроба запалохаць і зачысціць усё жывое



МУС Беларусі пракаментаваў вынікі масавых ператрусаў 16 лютага. Іх па краіне адбылося 90, забралі каля 80 тысячаў даляраў, прадмет, падобны на пісталет.

А па меркаванню намесніка старшыні прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча, ператрусы ў офісах праваабарончага цэнтру „Вясна”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, прафсаюзу РЭП – гэта спроба запалохаць і зачысціць усё жывое і актыўнае, што засталося ў беларускім грамадстве. У тым ліку і з выкарыстаннем правакацыяў. Так, у офісе РЭПу раптам знайшлі патрон ад паляўнічай стрэльбы.

– Правакацыя з гэтым патронам 16-га калібра. Потым мы высветлілі, хто гэта падкінуў. І чаму не ад АКМа. Гэта было б яшчэ мацней. Хто тут паляўнічы 16-га калібра? Можа яны так прывыклі рабіць, прыйшлі з пісталетамі, маглі іх і не паказваць. Палохаць нас тут няма чым. Лічу, што гэта была спроба пасля Усебеларускага схода запужаць, зачысціць усё жывое, якое сёння яшчэ дапамагае людзям. І на мой погляд, павінны быць не жорсткія словы, а жорсткія дзеянні нашых калег з Еўропы і ўсяго сусвету.

„Трэба, каб беларускае кіраўніцтва асэнсавала, – тое, што  яны зараз робяць у адносінах да грамадзянаў Беларусі, не можа працягвацца бясконца,” – кажа Генадзь Фядыніч.

Беларускае Радыё Рацыя