У Беларусі завяршылася вакцынацыя медыкаў ад COVID-19 першай дозай



У Беларусі завяршылася вакцынацыя медыкаў першай дозай расейскай вакцыны ад каронавіруса COVID-19 „Спадарожнік V”, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца, што медработнікі, „якія знаходзіліся ў зоне рызыкі”, былі вакцынаваныя першымі. Міністэрства размеркавала вакцыну па рэгіёнах у залежнасці ад заявак устаноў аховы здароўя. Усе пытанні захавання халадовага ланцуга былі адпрацаваныя загадзя.

Вакцынавана больш за 20 тысяч медыкаў. „З ліку медработнікаў, якія падалі заяўкі на першы этап вакцынацыі, у Берасцейскай вобласці прышчэпленыя 3.460 чалавек, у Віцебскай — 3.950, Гомельскай — 5.495, Гарадзенскай — 1.795, у Менску — 2.285, Менскай вобласці — 2.324 і Магілёўскай — 1.635”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што на сёння вакцынацыю прайшлі тыя медработнікі, якім яна дазволеная па стане здароўя. Завершаны таксама працэс вакцынацыі работнікаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых у Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай і Менскай абласцях.

belapan.by