Агнешка Рамашэўская: Зразумела, што гэта застрашванне



Пракурор Аліна Касьянчык запатрабавала для журналістак тэлеканала „Белсат” Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гучную справу разглядае суд Фрунзенскага раёна Менска. Андрэева і Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020-га, калі былі затрыманыя ў доме на „Плошчы Перамен” падчас стрыму з разгону сілавікамі вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі. Журналісткі прызнаныя палітзняволенымі. Сваёй віны яны не прызнаюць. Гэты працэс у нашым эфіры пракаментавала дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская:

– Выглядае, што пажаданне пракуратуры пакараць двума гадамі, гэта і будзе прыкладна такі прысуд. Як мяркую, суд адышоў да тэлефону, каб даведацца, які канчаткова вынесці прысуд. Зразумела, што гэта такая дэманстрацыя, застрашванне. Бо ў гэты самы час адбываецца і працэс Бабарыкі.

Пракурор патрабуе асудзіць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову на два гады калоніі. Іх вінавацяць паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Прысуд будзе вынесены ў чацвер а 10-й раніцы ў судзе Фрунзенскага раёна Менска.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя