У судзе ў Гародні дапыталі супрацоўніка АМАП, які затрымаў Ціханоўскага
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні, дзе ўжо амаль месяц ідзе працэс над трыма фігурантамі „справы Ціханоўскага”, 17 лютага дапыталі пацярпелага — камандзіра групы аператыўнай роты АМАП Віктара Будніка.
Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава, дзяржаўны абвінаваўца — Мікіта Мыслівец.
Трое фігурантаў — Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга — абвінавачваюцца ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Разнічэнку і Кнігу таксама абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікамі міліцыі.
Пацярпелых чацвёра: супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гародні Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзмітрый Рахунок і Віктар Буднік.
Інцыдэнт здарыўся 29 мая мінулага года на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Жанчына ў кепцы пачала чапляцца за Сяргея Ціханоўскага, які спрабаваў ад яе сысці. На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Узнікла бойка, падчас якой Уладзімір Казлоўскі апынуўся на зямлі.
Як расказаў у судзе пацярпелы Віктар Буднік, ён у той дзень заступіў на службу ў раёне Савецкай плошчы, бо там праводзілася масавае мерапрыемства — збор подпісаў за Ціханоўскую. Паводле яго слоў, калі паступіла паведамленне, што на плошчы здзейснілі злачынства, іх экіпаж накіраваўся туды.
Ён растлумачыў, што на месцы інцыдэнту ўбачыў групу людзей, якія хутка рухаліся ў бок Фарнага касцёла. „Затрымалі таго, хто ішоў спераду. Ім аказаўся Ціханоўскі”, — сказаў Буднік.
Супрацоўнік АМАП паведаміў, што пакуль вёў Ціханоўскага ў службовую машыну, хтосьці замахваўся на яго, тузаў за вопратку, аднак „балюча ніхто не біў”. Ён таксама бачыў, як абвінавачаны Кніга штурхануў амапаўца Рахунка, у якога зляцеў берэт з галавы.
Паводле папярэдніх паказанняў Будніка, ён адчуў выразны ўдар у правы бок ад мужчыны ў куртцы з белымі палосамі. Аднак яго не ідэнтыфікавалі і сярод абвінавачаных яго няма.
У Будніка пасля гэтага інцыдэнту, паводле яго слоў, не было парушэння здароўя, ён не звяртаўся па медыцынскую дапамогу. У судзе ён не заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Буднік адзначыў, што ён не падыходзіў да міліцыянера, які ляжаў на зямлі, каб удакладніць, чаму ён пацярпеў.
На пытанні, якія прагучалі ў пасяджэнні суда, Буднік растлумачыў, што затрымлівалі Ціханоўскага таму, што ён быў у групе людзей, якія сыходзілі з плошчы. Забралі яго аднаго прыкладна з 10 чалавек у групе, бо ён быў наперадзе ўсіх. Астатніх не затрымлівалі, бо да іх падышоў натоўп, пачалася цісканіна і былі асцярогі, што абураныя людзі „паставяць машыну на дах”.
У ранейшых паказаннях Буднік адзначаў, што на Ціханоўскага перад затрыманнем звярнулі ўвагу, бо ён абураўся і гаварыў: „Гэта правакацыя”.
Ціханоўскі, паводле слоў пацярпелага, на паўдарогі стаў упірацца, размахваць рукамі. Аднак у выніку яго пасадзілі ў службовы аўтамабіль і даставілі ў міліцыю.
Як расказаў Буднік, пасля затрымання Ціханоўскага раней спраўныя дзверы службовага мікрааўтобуса сталі дрэнна зачыняцца.
У судзе абвясцілі перапынак да 18 лютага, калі плануюць дапытаць пацярпелага Дзмітрыя Рахунка і некаторых сведак.