Максім Недасекаў усталяваў рэкорд Беларусі
На міжнародным турніры ў польскім Торуні беларускі скакун Максім Недасекаў пераадолеў планку на вышыні 2 метры 34 сантыметры, усталяваўшы рэкорд краіны ў закрытых памяшканнях.
Як паведамляе твітэр БФЛА, гэта лепшы вынік сусветнага сезона.
„Мяшкоў Брэст” прайграў гандбалістам „Пары Сен-Жэрмен”
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” пацярпелі шостую паразу на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У сваім 12-м паядынку папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі прайгралі ў сталіцы Францыі гандбалістам „Пары Сэн-Жэрмэн” з лікам 26:33. Самым выніковым у складзе берасцейцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 8 мячоў. Наступны матч берасьцейцы правядуць 24 лютага ў сябе дома супраць партугальскага „Порту”.
Стурла Хольм Легрэйд выйграў індывідуальную гонку на ЧС па біятлоне
Нарвежскі страляючы лыжнік Стурла Хольм Легрэйд не ведаў сабе роўных у індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету па біятлоне ў Славеніі. Адлегласць 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі пераможца пераадолеў за 49 хвілін 27,6 секунды. Пры гэтым ён ні разу не прамахнуўся на стрэльбішчы. Срэбра на рахунку немца Арнда Пайфера, які таксама страляў бездакорна, аднак саступіў 19,9 секунды. Бронзавы медаль выйграў яшчэ адзін нарвежац Ёханэс Даль. Ён не закрыў адну мішэнь, адстаўшы ад больш паспяховага суайчынніка на 40,9 секунды.
Што тычыцца беларускіх біятланістаў, то лепшы з іх Антон Смольскі заняў 29-е месца з адставаннем – 4 хвіліны 31,3 секунды і трыма промахамі на стрэльбішчы.
„Шахцёр” разграміў футбольную зборную Узбекістана на зборы ў ААЭ
Футбалісты беларускіх клубаў правялі чарговыя кантрольныя матчы на перадсезонных зборах. Чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” завяршыў месячны трэніравальны збор у ААЭ буйной перамогай над нацыянальнай зборнай Узбекістана – 3:0. У першым тайме лік адкрыў Юліус Зоке, а пасля перапынку вызначыліся Эзэ Океухі і Ягор Філіпенка. Бронзавыя прызёры беларускага першынства футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” ў сваім першым спарынгу ў Турцыі абыгралі узбекістанскі клуб АГМК 2:1.
Футбалісты „Порту” выйгралі ў „Ювентуса” ў матчы 1/8 фіналу ЛЧ
Футбалісты партугальскага „Порту” перамаглі італьянскі „Ювентус” з лікам 2:1 у хатнім матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Партугальскі клуб выдатна пачаў абодва таймы – на 2-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Мехдзі Тарэмі, а адразу пасля перапынку Муса Марэга падвоіў перавагу партугальскай дружыны. Чэмпіёны Італіі змаглі адказаць толькі голам Федэрыка Кьезы на 82-й хвіліне гульні.
Іспанская „Севілья” на сваім полі саступіла нямецкай „Барусіі” з Дортмунда 2:3. На 7-й хвіліне гульні Сусо вывеў гаспадароў наперад, але гасцей гэта не збянтэжыла і яны яшчэ да заканчэння першага тайма адказалі тройчы. Спачатку Махмуд Дахуд ударам з-за штрафной аднавіў парытэт, а затым галявы дубль аформіў лідар нападаў „Барусіі” Эрлінг Холан, які з 8 мячамі ўзначаліў бамбардзірскую гонку чэмпіёнскай Лігі. У другой палове матчу Люк Дэ Ёнг скараціў разрыў да мінімуму, але большага „Севілья” дамагчыся не змагла.
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі сталічны „Будаўнік”
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі сталічны „Будаўнік” у матчы чэмпіянату Беларусі. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Віктара Бекшы з лікам 3:0. Напэўна абедзве каманды разглядалі паядынак 18-га тура перш за ўсё як рэпетыцыю да розыгрышу Суперкубка Беларусі, за які каманды пазмагаюцца ў гэтую суботу.
Гэта трэцяя гульня двух вядучых валейбольных каманд у сезоне, раней „гарнякі” бралі верх над супернікамі з аднолькавым лікам 3:1.
Прынс і Парэ змогуць гуляць за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) афіцыйна апавясціла Федэрацыю хакея Беларусі аб тым, што змена спартовага грамадзянства гульцамі менскага „Дынама” Франсісам Парэ і Шэйнам Прынсам афіцыйна зацверджана. Такім чынам, абодва спартоўцы могуць выступаць у складзе нацыянальнай каманды Беларусі па хакеі.
Шэйн Прынс з 47 (24 + 23) баламі ў 48 матчах займае другое месца ў КХЛ па колькасці закінутых шайбаў, якія сталі пераможнымі для менчукоў, і замыкае топ-10 бамбардзіраў у КХЛ. Форвард „зуброў” быў прызнаны лепшым нападнікам месяца ў КХЛ па выніках студзеня.
Франсіс Парэ згуляў за зборную Беларусі на таварыскім турніры Parimatch Qazaqstan Hockey Open 2021, які праходзіў у Нур-султане з 10 па 12 лютага. Таксама ініцыяваная змена спартовага грамадзянства брамніка Дэні Тэйлара. Аднак ён будзе знаходзіцца на спартовым каранціне да канца сакавіка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sb.by