Палачанаў судзілі за “несанкцыянаванае шэсце” (абноўлена)
Шасцёра палачанаў правялі мінулую ноч у ізалятары часовага ўтрымання. 5 чалавек суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў вінаватымі паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34.
Судзілі затрыманых чацвёра суддзяў, але пакаранні прысудзілі розныя: галоўным крытэрам было наяўнасць бел-чырвона-белых сцягоў сярод рэчаў палачанаў. У Вольгі Папковай і Марыны Белавус сцягоў не было, і іх аштрафавалі на 30 базавых велічыняў кожную. У Валянціны Сергіенкі складзены сцяг знайшлі ў кішэні, і ёй прысудзілі 7 сутак арышту, па 15 сутак арышту прысудзілі Дзмітрыю Кухто і Паўлу Хушчанку – сцягі знайшлі ў іхных пляцаках.
Суд над Алай Барздуковай перанесены на заўтра, бо жанчына запатрабавала ўдзелу адваката ў судовым працэсе. Дамову з абаронцам павінны падпісаць сваякі, бо саму Аллу з-пад варты не выпусцілі.
У міліцэйскіх пратаколах, складзеных на шасцярых падсудных, гаворыцца пра тое, што яны зладзілі несанкцыянаваную акцыю. Але ў міліцыянтаў няма аніякіх доказаў, апрача даўнейшых здымкаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Іх супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў інтэрнэце, і цвердзяць, што яны нібыта зроблены ў тым самым месцы.
***
Жыхароў Полацку затрымалі ўчора нібыта паводле тэлефанавання ў міліцыю “асабліва пільных грамадзянаў”, якія заўважылі “правапарушэнне”, распавёў мясцовы актывіст Мікола Шарах:
– Група моладзі пайшла да берага Дзвіны ў новым мікрараёне “Аэрадром” у Полацку. Яны там ці фатаграфаваліся, ці хацелі фатаграфавацца. Мясцовыя бабулькі заўважылі, што нібыта падазроная група моладзі тут ходзіць. Іх злавілі, у пляцаках знайшлі сцягі. І сёння ўжо судзяць 6 чалавек, першаму, наколькі я ведаю, ужо 15 сутак далі.
Суды над полацкімі „партызанамі” праходзяць праз Скайп. На ўсіх складзены пратаколы паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства. Такія самыя выракі – па 15 сутак арышту – былі агучаны і ў Віцебску, калі ў апошні дзень студзеня судзілі 13 хлопцаў і дзяўчат за правядзенне несанкцыянаванага пікетавання.
Беларускае Радыё Рацыя