Адзін з забытых слуцкіх паўстанцаў



Беларускі нацыянальны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання Сяргей Бусел нарадзіўся 19 лютага 1901 года ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павету (цяпер Капыльскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Раманаўскай вышэйшай пачатковай вучэльні (1916 год), у жніўні 1917 года паступіў у Слуцкую агульную земскую (беларускую гімназію). Быў адным з лідараў таварыства “Папараць-Кветка”, удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху.

З 1918 года Сяргей Бусел у складзе Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіў у склад яе Слуцкага павятовага камітэта. У час польска-савецкай вайны актыўна ўдзельнічаў ў падпольным руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту Случчыны. Удзельнік партыйных з’ездаў БПСР у сакавіку і кастрычніку 1920 года ў Смаленску і Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага з’езда Случчыны 14-15 лістапада 1920 года.

У час Слуцкага збройнага чыну на даручэнне старшыні Беларускай Рады Случчыны Уладзіміра Пракулевіча браў удзел у фармаванні Першай Слуцкай брыгады войскаў БНР у мястэчку Семежава.

Пасля задушэння вызвольнага збройнага чыну Сяргей Бусел быў у складзе аднаго з аддзелаў Беларускай вайсковай камісіі (БВК), пад прыкрыццём мандата рэвідэнта БВК па культурна-асветных справах праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод беларускіх сялян Гарадзеншчыны і жаўнераў беларускага батальёна ў Лодзі. Пасля скасавання палякамі БВК у 1921 годзе пераехаў ў Вільню, дзе выконваў заданні Загранічнага бюро БПСР. Каб пазбегнуць арышту, пераехаў ў Коўна, дзе нейкі час працаваў ў Прадстаўніцтве БНР і Міністэрстве беларускіх спраў. У 1922 годзе, паводле рэкамендацыі Урада БНР і персанальна Вацлава Ластоўскага паехаў вучыцца ў чэшскую Прагу, у Вышэйшую тэхнічную школу.

У час навучання на агранамічным факультэце Сяргей Бусел актыўна ўдзельнічаў ў жыцці беларускай эміграцыі: блізка сышоўся з Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай, Міколам Чарнецкім, уваходзіў у Загранічнае бюро БПСР, быў актывістам эсэраўскай студэнцкай арганізацыі “Вольная Грамада”. У 1929 годзе, пасля заканчэння навучання і атрымання дыплома агранома, вярнуўся ў Вільню, дзе спрабаваў узнавіць мясцовую суполку беларускіх эсэраў. Некаторы час меў сувязь з Цэнтрабелсаюзам Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага, потым перапыніў кантакты з гэтай групоўкай, выяўляючы сваю рэзкую пазіцыю да палітыкі польскіх уладаў, у прыватнасці, да прыхільнікаў палітычнага рэжыму Юзафа Пілсудскага. Удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, супрацаваў з часопісам “Золак”.

Пасля захопу Вільні Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года Сяргей Бусел удзельнічаў у сходзе беларускай інтэлігенцыі, на якім падтрымаў курс на аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. У кастрычніку 1939 года Сяргея Бусла арыштавала спецыяльная группа НКВД БССР і вывезла яго ў Менск. У лютым 1940 года яго прыгаварылі да 15 гадоў савецкага канцлагеру. Далейшы лёс невядомы – ні месца і дзень гібелі, ні месца пахавання.

Беларускае Радыё Рацыя