ЗША ўключылі ў чорны спіс яшчэ больш за 40 беларускіх грамадзянаў



ЗША ўводзяць санкцыі ў дачыненні да 43 грамадзян Беларусі за «падрыў дэмакратыі». Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена. У новы санкцыйны спіс уключаныя высокапастаўленыя работнікі судоў, кіраўніцтва праваахоўных органаў і шараговыя супрацоўнікі, якія затрымлівалі ўдзельнікаў акцый пратэсту, а таксама суддзі, пракуроры і работнікі ВНУ.

Дадзеныя асобы пазбаўляюцца права на ўезд у Злучаныя Штаты. У заяве адзначаецца, што ЗША занепакоеныя жорсткім уціскам мірных дэманстрантаў, актывістаў і журналістаў, ператрусамі ў праваабарончай арганізацыі «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў незалежных прафсаюзах, якія прайшлі 16 лютага, а таксама вынясеннем прысуду 18 лютага журналістам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

Беларускае Радыё Рацыя