Плаціну турэмнай цэнзуры прарвала



У лютым 2021 года плаціну турэмнай цэнзуры прарвала, прыйшлі адразу 2 лісты ад палитвязьня блогера Шэры Кот.

Пад нумарамі 10 і 11.

І з аднаго з лістоў можна даведацца, што чытаюць вязьні ў турме, якія ёсць магчымасці.

5 лютага Шэры Кот ліст №11:

“Сёння днём атрымаў чарговы выпуск “Новага Часу”, там як раз быў твой артыкул пра тое, што я пісаў у лістах №6 і №7. З таго часу тое-сёё змянілася ў лепшы бок. Яшчэ “Новы час” напісаў, што адзін мой ліст атрымалі. Гэта радуе, значыць паспрабую ім яшчэ адзін ліст напісаць. Ты пытаешся ў лісце, што прачытаў. Скажу так, скажу так: знаходзячыся ў сярэдзіне чэрвеня на Акрэсціна я змог усяго 2 кнігі прачытаць, але гэта па прычыне толькі таго, што там іх не было. Пашанцавала, пару чалавек з ЦІПу ў ІВЧ перакінулі, простых, не палітычных, якіх тады бало не так шмат, як цяпер. Дык вось, у аднаго была кніга казак, у якой самы вялікі быў “Волшебник Изумрудного города» + некалькі маленькіх казачак накшталт  “Волшебной шапки Гугуцэ” ці  “Ма-Тари-Кари”. Дзіцячая кніга. Але, калі нічога іншага няма, то і гэта пойдзе, па два разы перачытвалі. Потым яшчэ адзін чалавек заехаў, у яго была “Камера обскура”  Уладзіміра Набокава, меней чым за дзень прачыталася, бо там вельмі ціха і сумна было, акрамя таго час без справы цягнецца вельмі марудна, затое ўмовы для чытання ідэальныя. А вось на Валадарцы камеры шматлюдныя, так што ў нас ёсць ТВ, які адцягвае ўвагу і чытаць удумліва складана, там ў асноўным толькі газеты і лісты чытаю. З кніг чытаю “Новы Запавет”, што Зміцер Дашкевіч даслаў  яшчэ ў верасні, дакладней адправіў напачатку жніўня, але перадалі толькі ў сярэдзіне верасня. Ну, вот неяк так. Гэты ліст вырашыў прысвяціць выключна кнігам, магчыма, дзякуючы гэтаму яго прапусціць цэнзура, бо калі ўжо пра прачытаныя 7-8 месяцаў назад кнігах пісаць нельга, то что можна???”

Адрас для ліставання: Казлоў Дзмітры Алегавіч 220030 вул.Валадарскага 2, СІЗА -1, к.63 г.Мінск.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ