Беларуская дыктоўка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы
19 лютага па ўсёй Лідчыне ідуць мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы. Адно з іх – Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Сёлета тэкст па раману Івана Шамякіна “Глыбокая плынь” чытала бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Надзея Камароўская.
Перад тым, як пачаць дыктоўку, Надзея Міхайлаўна выступіла з цёплай прамовай на карысць беларускай мовы ў цэлым і Міжнароднага дня роднай мовы ў прыватнасці.
Пісалі дыктоўку супрацоўнікі бібліятэкі, чытачы, а таксама дэлегацыя БРСМ, якая наведала бібліятэку не толькі, каб разам пісаць дыктоўку, але і каб уручыць удзельнікам дыктоўкі памятныя сшыткі, што моладзь падрыхтавала ў рамках іхняга праекта “Адзіны дыктант на прыз БРСМ”, які рэалізуецца ў плыні 14-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ўсімі арганізацыямі Гарадзенскай вобласці.
Класічны тэкст Івана Шамякіна ўсе напісалі вельмі і вельмі добра. На дыктоўцы прысутнічалі карэспандэнты “Лідскай газеты”, “Нашага слова”, Лідскага тэлебачання.
Пасля дыктоўкі ў Лідскім палацы культуры адбыўся святочны канцэрт да Дня роднай мовы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда
Фота аўтара