Аляксей Янукевіч: Шляхам рэпрэсіяў спрабуюць не дапусціць хвалі вясновых пратэстаў
Па меркаванню намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, апошнія суды і прысуды сведчаць, што ўлады Беларусі спрабуюць шляхам рэпрэсіяў не дапусціць хвалі вясновых пратэстных выступленняў.
Палітык спрабаваў патрапіць на суд над журналісткай ТУТ.БАЙ Кацярынай Барысевіч і медыкам Арцёмам Сарокіным. Але ў залу дапускалі толькі выбраных, а потым суддзя Святлана Бандарэнка ўвогуле зрабіла працэс закрытым.
Па словах Аляксея Янукевіча, такія дэманстратыўна жорсткія працэсы і нечуваныя выракі немагчыма было ўявіць у Беларусі яшчэ некалькі месяцаў назад.
– Калі журналістам за стрым даюць два гады рэальнай калоніі, калі даюць па некалькі гадоў проста выпадковым удзельнікам вулічных пратэстовых акцый, калі на суды абмяжоўваюць доступ і журналістам, і іншым людзям, якія проста хочуць падтрымаць тых людзей, якіх судзяць, і гэта вельмі нагадвае помсту з аднаго боку, за тыя падзеі, якія адбываліся ў першую чаргу ў жніўні і ў верасні, і гэта спроба запалохаць грамадства напярэдадні вясны.
Таксама адным з матываў жорсткасці ўладаў можа быць набор „закладнікаў” для гандлю з Захадам за адмену санкцый, за нейкія прэферэнцыі. Прыклады гэтага мы ўжо неаднаразова бачылі раней, – кажа Аляксей Янукевіч.
Беларускае Радыё Рацыя