Святлана Ціханоўская звярнулася у ААН і АБСЕ
Святлана Ціханоўская падчас анлайн-сустрэчы, прымеркаванай да 46-й сесіі Савета па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заклікала ўзгадніць механізмы ААН і АБСЕ для правядзення міжнароднага расследавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Стэнаграма выступлення апублікаваная на сайце экс-кандыдата ў прэзідэнты.
„Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крытычная і з кожным днём пагаршаецца. Калі мы думаем, што дно ўжо дасягнутае, Беларусь захліствае новая хваля парушэнняў правоў чалавека, — адзначыла Ціханоўская. — Беларускія ўлады парушылі амаль усе правы, прапісаныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Сёння ў беларускіх турмах 255 палітычных зняволеных, больш за тысячу чалавек закранулі крымінальныя справы падчас выбарчай кампаніі і ў перыяд пасля выбараў. Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення”.
Паводле слоў Ціханоўскай, спачатку рэпрэсіі закранулі кандыдатаў у прэзідэнты і палітычных актывістаў, затым юрыстаў, цяпер — праваабаронцаў і журналістаў. „Кожны дзень прыходзяць за простымі беларусамі. Але мы не будзем маўчаць і не перастанем асуджаць тое, што адбываецца”, — запэўніла яна.
„Прайшла хваля вобшукаў у дамах і офісах праваабаронцаў. Гэтая хваля прайшла праз усю краіну, па райцэнтрах і невялікіх гарадах, — сказала Ціханоўская. — У цэнтры гэтай рэпрэсіўнай кампаніі апынуліся Беларуская асацыяцыя журналістаў і праваабарончы цэнтр „Вясна”. Гэтыя арганізацыі былі на пярэднім краі ў плане аказання юрыдычнай дапамогі і абароны свабоды слова. Улады спрабуюць ачарніць іх рэпутацыю, абвінавачваючы ў фінансаванні пратэстаў і датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці. Няма мяжы, якую рэжым не гатовы перайсці”.
На мінулым тыдні, адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты, каардынатару валанцёрскай службы „Вясны” Марфе Рабковай выставілі новыя крымінальныя абвінавачанні, паводле якіх ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. „Кампанія дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ — чарговы элемент ганебнай атакі на праваабаронцаў. Мы на баку Марфы Рабковай, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і „Вясны” ў справе правоў чалавека”, — падкрэсліла яна.
Беларуская асацыяцыя журналістаў, сказала Ціханоўская, з’яўляецца „ўзорнай арганізацыяй, якая была ўдастоеная прэміі „За свабоду думкі „імя Сахарава ў 2004 годзе за абарону журналістаў, якія працуюць пад пагрозай уціску, запалохвання і пераследу”. „Мы на баку Барыса Гарэцкага, Алега Агеева і БАЖ у справе свабоды слова”, — адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты.
Ціханоўская таксама згадала, што за жывую трансляцыю з месца мірнай акцыі ў сувязі з гібеллю Рамана Бандарэнкі журналісткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова асуджаныя на два гады пазбаўлення волі.
„Я засмучаная тым, што ні вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, ні спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не былі дапушчаныя ў краіну са жніўня 2020 года, але мяне гэта не здзіўляе, — сказала яна. — Тым не менш мы павінны пераканацца, што ААН выкарыстоўвае ўсе даступныя інструменты і механізмы, каб пакласці канец беспакаранасці ўлады і сілавікоў. Я заклікаю да незалежнага, бесстаронняга і празрыстага міжнароднага расследавання сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Механізмы ААН і Маскоўскі механізм АБСЕ павінны працаваць узгоднена ў гэтым кірунку. Прыйшоў час заклікаць да адказу. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, каб пераходны перыяд быў мірным”.
Паводле слоў Ціханоўскай, у Беларусі ёсць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, але яна „гадамі ігнаравала рэкамендацыі Савета па правах чалавека і вярхоўнага камісара”. Тое, што Беларусь, адна з заснавальнікаў ААН, ігнаруе асновы гэтай сістэмы, абуральнае, лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты.
„Беларусы хочуць, каб дэкларацыя правоў чалавека і іншыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека выконваліся належным чынам. Пачаць варта з артыкула 21, які абвяшчае, што асновай дзяржаўнай улады павінна быць воля народа. Тое, што адбываецца цяпер, не залежыць ад волі народа. Беларусы хочуць вярнуць сабе свабоду і годнасць. Беларусы патрабуюць новых выбараў”, — падагульніла Ціханоўская.