У гонар роднай мовы



19 лютага ў Лідскім палацы культуры адбыўся канцэрт, прысвечаны Дню роднай мовы. Ужо многія гады ідуць тут канцэрты ў гонар беларускай мовы. Кожны год нешта трохі замінае, але кожны год гэтыя канцэрты адбываюцца і праходзяць на высокім мастацкім узроўні.

Распачала мерапрыемства вядоўца Тамара Зенюкевіч, якая некалі паспрыяла, каб у Лідзе прайшла дыктоўка ўпершыню. А потым загучала песня “Спадчына” у выкананні саліста гурта “Медуніца” Аляксея Міранюка. А пасля выступалі ансамбль скрыпачоў “Славяначка” з салісткай Вольгай Пчыцкай, харэаграфічны калектыў “Чаравічкі”, хор ветэранаў “Майскія зоры”, паэтка Ганна Рэлікоўская, салістка калектыва рэтра-песні “Мерыдыян” Валянціна Гайдурава, спявачка і паэтка Людміла Краснадубская, кіраўнік народнага гурта “Прэмія” Віктар Лебядзевіч, саліст калектыва рэтра-песні “Мерыдыян” песняй “Мой родны кут” Славамір Шклёнік. Парадавала лідчан і п’еса “Курачка і каласок” тэатра “Батлейка” Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Канцэрт прайшоў на адным дыханні і ўсё па-беларуску.

І трэба ж было так падгадаць, што менавіта ў гэты дзень Лідскі палац культуры быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Ржэспублікі Беларусь за шматгадовую творчую здейнасць па папулярызацыі нацыянальнай культуры.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара