Колькасць новых выпадкаў COVID-19 расце ў Беларусі трэція суткі запар



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.668 выпадкаў COVID-19, памерлі 9 чалавек з каронавірусам, выпісана з бальніц 1.916 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, трэція суткі запар колькасць новых выпадкаў COVID-19 расце — 19 лютага іх было 1.663, 18 лютага — 1.386, днём раней — 1.352. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 276.990, памерлі 1.903 пацыенты з каранавірусам, ачунялі — 266.892.

За мінулыя суткі выканана 18.619 тэстаў на каронавірус (усяго выканана 4.771.957 тэстаў).

Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў Менск прыбыў гуманітарны груз з Кітая — 100 тысяч доз вакцыны супраць каранавіруса COVID-19 вытворчасці кітайскай карпарацыі „Сінафарм”.

Адзначаецца, што вакцына вытворчасці „Сінафарма” — першая ўхваленая дзяржаўным фармацэўтычным упраўленнем КНР для выхаду на рынак і ўжо актыўна прымяняецца ўнутры краіны. Паводле ацэнак кітайскага боку, вакцына падчас выпрабаванняў паказала 79,34% эфектыўнасці. На сённяшні дзень акрамя Кітая яна ўхваленая для выкарыстання больш як у дзесяці краінах, у тым ліку ААЭ, Бахрэйне, Венгрыі, Егіпце, Іарданіі, Іраку, Марока, Пакістане, Сербіі.

belapan.by