Пагаварылі і пакаталіся на лыжах (абноўлена)
22 лютага ў Чырвонай Паляне прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Першая іх частка доўжылася каля гадзіны, пасля чаго кіраўнікі адправіліся катацца на лыжах, далей – на абед. Пазней сустрэча прадоўжылася і заняла шэсць з паловай гадзін.
Што вядома пра перамовы. Пуцін заявіў, што Расея застаецца самым буйным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі і самым буйным інвестарам – аб’ём інвестыцый больш за чатыры мільярды даляраў. Таксама Пуцін казаў пра паспяховае супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі, сельскай гаспадаркі і так далей. Сказаў, што рады бачыць Лукашэнку, і што Расея перадала Беларусі тэхналогіі для вытворчасці вакцыны супраць каронавірусу. Лукашэнка ў сваю чаргу сказаў, што расейская вакцына – найлепшая ў свеце, а таксама выказаўся па тэме інтэграцыі, што засталося дапрацаваць 6-7 дарожных мапаў, і цяпер урады гэтым займаюцца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gazeta.ru
***
На сустрэчы з Пуціным у Сочы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з 33 дарожных карт па інтэграцыі Беларусі і Расеі засталося 6-7, над якімі працягваюць працаваць урады, паведамляе ТАСС.
Фота: ТАСС
“Я, вядома, вельмі ўдзячны Вам за тую падтрымку, якую вы аказваеце эканоміцы Беларусі. Павінен вас праінфармаваць, што гэта не дарма, грошы не выкінутыя на вецер”, – сказаў таксама ён. Лукашэнка таксама выказаў надзею на працяг перамоў з Пуціным з воку на вока.
Пуцін у сваю чаргу заявіў, што “інструменты ўзаемадзеяння добра адладжаны, працуюць добра. У нас няма ні аднаго дня, каб нашы калегі не размаўлялі адзін з адным, вырашаючы тыя ці іншыя пытанні, якія стаяць перад намі”. Прэзідэнт Расеі дадаў, што ў лютым-сакавіку ў Беларусь будуць пастаўленыя новыя партыі вакцыны ад каронавірусу і тэхналогіі яе вытворчасці.
* * *
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сёння, 22 лютага, плануюць сустрэцца ў Сочы. Афіцыйныя крыніцы сціпла паведамляюць, што «лідары дзвюх краін падрабязна абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў развіцця беларуска-расейскіх адносін, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных структурах», неафіцыйна гаворыцца, што размова пойдзе пра чарговыя крэдыты.
Як заўважае кіраўнік народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, зараз сітуацыя склалася такім чынам, што Крэмль знаходзіцца ў закладніках Лукашэнкі. Там няма іншага выбару, і Лукашэнка пачынае дыктаваць свае ўмовы, маўляў, толькі ён можа гарантаваць, каб Беларусь заставалася пад уплывам Расеі.
Кажа Павел Латушка:
– Тут стратэгічная памылка Расеі, бо ў Беларусі няма антырасейскіх настрояў. У Беларусі няма палітычных сілаў, якія б выступілі супраць добрых адносінаў з Расеяй. У нас увогуле няма пытання геапалітычнага выбару, яно не стаіць. Мы за добрыя адносіны з Расеяй, мы зацікаўленыя мець добрыя адносіны з Еўрапейскім звязам, гэта натуральна. Чаму Расея ставіць на Лукашэнку? Гэта ўсіх здзіўляе. Бо чалавек, які хлусіў расейцам, ён будзе хлусіць заўсёды, будзе круціцца, як вуж на патэльні.
Раней расейскае выданне „Камерсант” са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што Лукашэнка мае намер абмеркаваць з Пуціным вылучэнне беларускаму боку крэдыту на суму тры мільярды даляраў ЗША. Беларусь хоча атрымаць доступ да рэшты сродкаў, выдзеленых Расеяй на будаўніцтва АЭС у Гарадзенскай вобласці. Міністэрства фінансаў Беларусі адмаўляла гэтую інфармацыю. Сам Лукашэнка заявіў, што не едзе «нечага прасіць».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя